Незвычайны для Воршы канцэрт адбыўся 20 лютага ў музеі Караткевіча. Выступоўцам быў вядомы спявак і музыка Зміцер Вайцюшкевіч.
Сам Зміцер падчас канцэрту некалькі разоў называў сябе “сціплым артыстам”. Наконт “сціпласці” пытанне адкінем, а тое што Вайцюшкевіч сапраўды выдатны артыст – поўная праўда. Такая энергетыка, такое супрацоўніцтва з гледачом існуюць мала ў каго з выканаўцаў.
Пачаў спявак свой канцэрт з песні на верш Уладзімера Някляева “Дарогі”. Далей адбыўся шэраг прэзентацыяў новых песняў. Некалькі знакамітых кампазіцыяў з альбому “Цацачная крама” ды іншых дзіцячых песняў былі вельмі своечасовымі, бо ў залі знаходзілася шмат маладых беларусаў. Сярод іх і дзеці Алеся Пушкіна, які ў гэты час рыхтаваўся да выставы ў тым жа музеі.
Пасля 10-хвіліннага антракту, падчас якога спявак раздаваў аўтографы і даваў інтэрв’ю, канцэрт працягнуўся. Вельмі прыемным сюрпрызам для слухачоў стала песня на верш Уладзімера Караткевіча “Дзе мой край”. Бліжэй да сканчэння канцэрту прагучалі вядомыя амаль усім хіты: “Паланез Агінскага” ды “Я нарадзіўся тут”.
“Ідэяй фікс” для Змітра было прымусіць гледачоў спяваць, што было даволі не проста. Але артыст здавацца не хацеў і штораз спрабаваў заспяваць разам з залай. Развітальную песню “Бывайце здаровы” ўжо падпяваў невялікі хор слухачоў. Магчыма яны паверылі, што Вайцюшкевіч не сыдзе, пакуль не заспявае кожны з іх. Таму апошнюю песню, фальклорную, зала сапраўды зацягнула разам.
Імпрэза адбывалася ў межах кампаніі “Будзьма!”.