24 красавіка ў гомельскім касцёле Нараджэння Божай Маці ў межах грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” прайшоў канцэрт ансамбля “Балцкі Субстрат”, прысвечаны 30-годдзю Чарнобыльскай трагедыі. Паўтарагадзінны выступ калектыва сабраў да васьмі дзясяткаў аматараў беларускай паэзіі і акустычнага блюзу. Гучалі песні на словы Казіміра Сваяка, Максіма Багдановіча, Уладзіміра Караткевіча, іншых аўтараў, а таксама арыгінальныя музычныя пераўвасабленні айчыннага фальклору. Падчас канцэрту музыкамі ладзілася літаратурна-гістарычная віктарына на прызы ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”.