Усе мы верым, што калі на зямлі нараджаецца дзіця, на нябёсах загараецца новая зорачка. Яна расце, сталее і становіцца ўсё больш і больш яркай на працягу ўсяго жыцця чалавека. Відаць, імёны таксама маюць уласныя адбіткі на небасхіле, а можа, нават цэлыя сузор’і. Назвалі бацькі дзяўчынку Янінай — у сузор’і Янінак дадалася зорачка.
Ва ўсе часы паэты складалі вельмі асабістыя вершы-прысвячэнні пэўным асобам са свайго жыцця — каханым, дзецям, сваім сужэнцам. Слынныя паэты Беларусі — Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін і Уладзімір Някляеў — бяруцца прысвяціць верш кожнаму маленькаму беларусу ў новым праекце “Зоркі імёнаў” ад кампаніі “Будзьма!”.
Сёння прысвячэнне Марыйкам распачынае новы праект ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” — імянныя вершы дзеткам, каб кожны бацька ці матуля маглі прачытаць свайму хлопчыку ці дзяўчынцы верш, дзе галоўным героем ёсць менавіта іх дзіця!
30 вершаў ад Рыгора Барадуліна, Генадзя Бураўкіна і Уладзіміра Някляева гатовыя! Кожны дзень (акрамя выходных) на сайце кампаніі будзе з’яўляцца адзін вершык-прысвячэнне.
Ідэя праекта з’явілася ў Сяргея Шапрана. А падштурхнула яго да гэтага маленькая Марыйка: “Пляменніцы майго сябра Марыйцы спаўнялася два гады, з гэтай нагоды я і прыйшоў вясновым надвячоркам да Уладзіміра Някляева — папрасіць падпісаць кнігу вершаў для дзетак, — кажа Сяргей Шапран. — Някляеў, відавочна разгубіўшыся (маўляў, ніколі не падпісваў кніжкі дзецям), хвілін праз пятнаццаць задаволена ўсміхнуўся і прачытаў:
Я Марыйку намалюю,
Бо Марыйку ўсю люблю я:
Лобік,
роцік,
носік,
шыйка —
Вось і выйшла ўся Марыйка”.
І, як высветлілася, такіх вершыкаў для дзетак дужа мала, што і дало жыццё гэтаму праекту.
Цягам папярэдніх двух тыдняў кампанія “Будзьма!” збірала фотаздымкі дзетак, чые імёны ўжо сталі героямі вершаў. Былі дасланыя фатаздымкі для 18 вершыкаў, а 12 вершаў яшчэ чакаюць сваіх герояў!
Але і на гэтым праект “Зоркі імёнаў” не скончыцца!
Сачыце за навінамі на сайце кампаніі “Будзьма беларусамі!” і дарыце дзеткам вершаваныя сюрпрызы ад зорак беларускай паэзіі!
Інфа-партнёр: