Як бібліятэкі сёння могуць адарваць чытачоў ад манітораў? Што прапанаваць распешчанаму інфармацыяй грамадству? Каб адказаць на гэтыя пытанні і натхніць бібліятэкараў Горацкага раёна на новыя ідэі, Вандроўная творчая лабараторыя кампаніі “Будзьма беларусамі!” выправілася ў госці да Горацкай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя М. Гарэцкага.
“Вядома, мы не паспеем прагаварыць усе праблемы, з якімі сутыкаюцца бібліятэкі сёння, — распачала сустрэчу рэгіянальны каардынатар кампаніі “Будзьма беларусамі!” Кацярына Раманчык. — Спачатку акрэслім агульную сітуацыю ў бібліятэчнай сферы пры дапамозе нашых запрошаных экспертаў — Вікторыі Хоміч і Вольгі Воўк (даследчыц паспяховых практык у бібліятэчнай справе, ініцыятарак праекта “Бібліякропкі” і многіх іншых). І паспрабуем разам адшукаць новыя ідэі, якія дапамогуць бібліятэкам стаць актуальным сацыяльна-культурніцкім асяродкам і спрыяць росту цікаўнасці да сучаснай беларускай літаратуры”.
Для найбольш эфектыўнага абмеркавання кампанія “Будзьма беларусамі!” прапанавала выкарыстаць фармат сустрэчы — world cafe, або “сусветная кавярня”.
Спачатку згадалі трошкі тэорыі, прагаварыўшы асноўныя функцыі бібліятэк:
– адукацыйная — забеспячэнне і суправаджэнне вучэбна-выхаваўчага працэсу;
– інфармацыйная — прадстаўленне магчымасцяў выкарыстоўваць інфармацыю па-за залежнасцю ад яе выгляду, фармату і носьбітаў;
– культурная — арганізацыя мерапрыемстваў, якія выхоўваюць культурную і сацыяльную самасвядомасць, садзейнічаюць усебаковаму развіццю навучэнцаў.
У сучасным свеце бібліятэкам даводзіцца няпроста: тэлебачанне, інтэрнэт, новая сёння з’ява Edutainment, развіццё медыяпрасторы і сферы паслуг — усе гэтыя фактары мусяць улічвацца бібліятэкамі ў “бойцы” за ўвагу аўдыторыі.
“Мы — практыкі, тэорыі мы не ведалі. Таму ўсё шышкі набілі самі”, — пачалі дзяліцца часам “балючым” досведам эксперты Вікторыя Хоміч і Вольга Воўк.
— Першае, што мы б параілі рабіць усім бібліятэкарам, — гэта размаўляць з людзьмі. Толькі так вы даведаецеся, чаго ім не хапае і што цікава. Мы такім чынам адкрылі, што многія нашыя наведнікі маюць рэлігійныя пытанні. Царква — інстытут даволі закрыты, і мала хто гатовы з лёгкасцю звярнуцца да святара. Зрабіце ім куток рэлігійнай літаратуры! Паверце, акрамя выказвання ўдзячнасці людзі пачынаюць несці з дому і дарыць бібліятэцы кнігі заяўленай тэматыкі. Такім чынам вы яшчэ і фонд папоўніце!”
Эксперты падрыхтавалі да сустрэчы ў Горках прэзентацыю, якая расказвае пра ўсе іх паспяховыя праекты.
Падчас эмацыйнага выступу Вікторыі і Вольгі ўдзельнікі актыўна задавалі пытанні.
Адкуль вы бераце грошы?
“Вы ведаеце, што фінансаванне ва ўсіх грамадскіх бібліятэках аднолькавае. Але! Вакол нас процьма патэнцыйных партнёраў! Нам не трэба думаць, што бібліятэкары — нейкія нягеглыя. Быць бібліятэкарам файна і вельмі цікава! Менавіта з такім настроем трэба ісці да іншых. І менавіта з партнёрскімі прапановамі! Калі мы перастаём хадзіць з выцягнутай рукой, усё пачынае атрымлівацца. У бібліятэк ёсць цудоўны плюс — пляцоўка, якой так не хапае многім маладым мастакам, літаратарам і проста актыўным людзям для рэалізацыі сваіх ідэй. Прапануйце ім пляцоўку для сваіх праектаў і партнёрства”.
Як завабіць у бібліятэкі дзяцей?
“Перадусім трэба папулярызаваць чытанне ў сям’і. Калі бацькі не чытаюць, рабіце з дзіцем што хочаце, але яно не пачне чытаць. А таксама варта звяртаць увагу бацькоў на сучасную дзіцячую літаратуру, бо менавіта яна ўздымае пытанні, якія ўзнікаюць у дзетак сёння і якіх проста не было ў іх бацькоў! А каб звярнуць увагу — трэба зрабіць гэта весела!” (Глядзіце праект “Летні эксперымент” у прэзентацыі Вікторыі і Вольгі.)
У вас калі-небудзь згасае імпэт? Апускаюцца рукі?
“Вядома! У нас таксама былі правальныя праекты, якія не атрымліваліся ці атрымліваліся не так, як мы б хацелі. Пасля такога не хочацца нічога рабіць. Але праз пэўны час нам тэлефануюць і пытаюцца: “Ну як, дзяўчаты, што ў вас там новенькага?” І ты падымаешся і бярэшся за працу. Бо як гэта — у нас і нічога новенькага?”
World cafе — цудоўны фармат для правядзення працоўных нарадаў. І таму адразу ж пасля натхняльнага выступу экспертаў пачалася другая — практычная і крэатыўная частка сустрэчы. Згодна з фарматам world cafe ўдзельнікі падзяліліся на 5 груп. Кожная група “атрымала” свой стол і адну з актуальных праблем, з якімі сутыкаюцца бібліятэкі ў сваёй дзейнасці:
- Паслугі і мерапрыемствы для новых/нетыповых аўдыторый.
- Бібліятэка анлайн. Пазіцыянаванне і партнёрствы анлайн: якія сродкі неабходна выкарыстоўваць?
- Хто можа быць партнёрам у горадзе (раёне) для бібліятэкі і ў якіх паслугах (рэклама, прэзентацыя кніг, арганізацыя кава-паўзаў, культурная праграма ці кансультацыя і інш.)?
- Якія веды неабходныя самім бібліятэкарам для працы ў сучасных умовах?
- Бібліятэка як транслятар актуальнасці і цікавасці сённяшняй беларускай літаратуры: што можна зрабіць?
Адзін чалавек у кожнай групе абіраўся як “Ахоўнік стала”: ён заставаўся працаваць над пытаннем да канца і прадстаўляў вынікі, астатнія пераходзілі да іншых сталоў і агучвалі свае ідэі па кожным пытанні.
Дырэктаркі бібліятэк і загадчыцы аддзелаў з імпэтам падхапілі заданне, актыўна абмяркоўвалі пытанні з экспертамі, спрачаліся і абмяркоўвалі.
Сярод прапанаваных ідэй арыгінальных і новых было няшмат. І яны вартыя асаблівай увагі.
1. Паслугі і мерапрыемствы для новых або нетыповых аўдыторый
У пошуку новых аўдыторый творчыя групы звярнулі ўвагу на сем’і, у якіх ёсць праблемы з алкагалізмам ці наркатычнай залежнасцю. Групы вырашылі прапанаваць пляцоўку бібліятэк для сустрэчаў клуба ананімных алкаголікаў. Эксперты расказалі пра ідэю, якая ўжо рэалізоўваецца ў некалькіх бібліятэках — сустрэчы з дзецьмі з праблемных сем’яў. На такіх сустрэчах дзецям і падлеткам прапануецца пэўная літаратура, якая ўздымае балючыя для іх пытанні. Такім чынам бібліятэкі адыгрываюць важную ролю ў выхаванні дзяцей і дапамагаюць ім у сацыялізацыі.
2. Бібліятэка анлайн. Пазіцыянаванне і партнёрствы анлайн: якія сродкі неабходна выкарыстоўваць?
У гэтым пытанні парада была ад экспертаў. Калі ў каманды бібліятэкі ёсць нейкія ідэі, іх варта размясціць на сайтах, якія збіраюць іх у адным месцы (напрыклад, talaka.by і startidea.by). А таксама сачыць за бібліятэчнымі форумамі, рэкламаваць там свае мерапрыемствы і прапаноўваць ідэі проста ў каментарах.
3. Хто можа быць партнёрам у горадзе (раёне) для бібліятэкі і ў якіх паслугах (рэклама, прэзентацыя кніг, арганізацыя кава-паўзаў, культурная праграма ці кансультацыя і інш.)?
З гэтым пытаннем — пра патэнцыйных партнёраў у горадзе — нечакана не было ніякіх праблемаў. Групы склалі спіс з 21 арганізацыі (сярод якіх аграсядзібы, кінатэатры, юрыдычныя канторы, сацыяльныя службы і многія іншыя)! Толькі дзейнічаць!
4. Якія веды неабходныя самім бібліятэкарам для працы ў сучасных умовах? Як іх можна атрымаць?
Бібліятэкары хацелі б удасканальваць свае веды ў сферах маркетынгу (працы з мэтавымі аўдыторыямі, прасоўвання) і кіравання, псіхалогіі, HR-менеджменту і камп’ютарных тэхналогій.
5. Бібліятэка як транслятар актуальнасці і цікавасці сённяшняй беларускай літаратуры: што можна зрабіць?
Прапанаваныя “ўрокі-знаёмствы” і “сустрэчы з аўтарамі-юбілярамі” — фарматы даўно не новыя. Рэгіянальны каардынатар кампаніі “Будзьма!” Кацярына Раманчык яшчэ раз падкрэсліла, што трэба размаўляць са сваёй аўдыторыяй на іх мове. Умоўна, калі гаворка ідзе пра прасоўванне сучаснай беларускай літаратуры сярод моладзі, то трэба прадстаўляць літаратуру сучаснымі медыяфарматамі і там, дзе моладзь можа іх знайсці, а найлепш — яшчэ і распаўсюдзіць там. Вынаходзіць ровар тут неабавязкова, можна натхніцца гатовымі праектамі на сайце кампаніі budzma.by, напрыклад, “Чорна-белыя вершы”, а таксама многімі іншымі цікавымі ідэямі па пазіцыянаванні і папулярызацыі сучаснай беларускай культуры. “Калі мы прадставім пісьменнікаў сучаснымі, паспяховымі, прывабнымі людзьмі, “зоркамі”, то і стаўленне да свайго ў нас будзе адпаведнае!”
Сустрэча атрымалася плённай, жывой і натхняльнай. Спадзяемся, прапанаваны фармат сапраўды можа прыжыцца для супольнага абмеркавання і вырашэння працоўных праблем. І не толькі ў бібліятэках Горацкага раёна.
Хочаце паспрабаваць? Пішыце на [email protected]. Вандроўная творчая лабараторыя кампаніі “Будзьма беларусамі!” наведае і ваш горад!
Фота — Аляксей Сталяроў