Мінулы уік-энд для жыхароў Маладзечна атрымаўся сапраўды “жывым” – у горадзе адбыўся фестываль моладзевых творчых ініцыятыў “Час жыць”, які быў арганізаваны ўжо ў пяты раз па прапанове моладзевага клуба творчасці «Дыялог+» пры маладзечанскім Палацы культуры.
Фэст распачаўся 13 траўня моладзевай канферэнцыяй “Свабода быць чалавекам”, у якой прынялі ўдзел псіхолагі, пісьменнікі, студэнты , а таксама прадстаўнікі кампаніі “Будзьма беларусамі! “
Рэгіянальны каардынатар кампаніі Марыя Шарый прэзентавала гледачам праекты «Будзьмы» і агучыла важную інфармацыю пра новую кампанію «Разам да справы», мэта якой не толькі асвета, але і матываванне актыўных, але часта разрозненых частак грамадства да супольных дзеянняў, да аб’яднання досведу на карысць агульнай справы, каб зрабіць лепшай якасць жыцця пэўнага асяродка, мястэчка ці горада, а ўсім разам – нашай краіны.
Таксама для прысутных былі прыгатаваныя невялічкія падарункі – паштоўкі і закладкі, якія кожны мог узяць сабе на памяць. Дарэчы, новы набор паштовак з серыі “Не маўчы па-беларуску” можна цяпер набыць не толькі ў сталічных кнігарнях, а і ў Маладзечна.
Увогуле ,праграма фестываля атрымалася досыць насычанай. Фотавыставы,інсталяцыі, майстар-класы і трэнінгі, творчыя конкурсы і цікавыя гульні – кожны мог абраць занятак на свой густ. Бо магчымасць выбару – таксама ёсць свабода быць чалавекам.
Святлана Чакушка
фота Таццяна Касьян