24 снежня 2008 года на радзіме мастака Напалеона Орды, ў вёсцы Варацэвічы Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці, у мастацкай галерэі музейнага комплексу, які носіць яго імя, адкрылася выстава, прысвечаная 120-годдзю з дня нараджэння Язэпа Драздовіча.
Імёны гэтых мастакоў лучыць між сабою апантанасць, імкненне праз творы жывапісу і графікі данесці да будучых пакаленняў, якой была тагачасная Беларусь. У спадчыну сваім нашчадкам яны пакінулі шматлікія графічныя замалёўкі, палотны, на якіх адлюстравалі палацы, сядзібы, замкі і гарадзішчы.
Удзячныя сваім папярэднікам мастакі суполкі “Пагоня” аддалі даніну пашаны і памяці Язэпу Драздовічу, прысвяціўшы ягонаму юбілею адмысловую выставу, якая вандруе амаль па ўсёй Беларусі. Гасцінна сустрэлі Варацэвічы Аляксея Марачкіна і Тодара Ладуцьку, мастакоў з Мінска, якія прыехалі на прэзентацыю экспазіцыі. Дырэктар карціннай галерэі Зміцер Казак прывітаў прысутных, падзякаваў за такі своеасаблівы навагодні падарунак, які зрабіла творчая суполка “Пагоня”.
Больш за 30 твораў жывапісу і графікі размешчаныя ў дзвюх залах галерэі. Сярод іх палотны Уладзіміра Сулкоўскага, Ігара Марачкіна, Генадзя Драздова, Георга Скрыпнічэнкі, Ігара Бархаткова, Ягора Батальёнка — усіх не пералічыць Сябры творчай суполкі “Пагоня” Беларускага саюза мастакоў мяркуюць гэтую выставу “Нябесныя бегі – Вечны вандроўнік” паказаць у Пінску, Паставах, Вілейцы, Лідзе і Полацку.
На адкрыцці экспазіцыі прысутнічалі вучні Іванаўскай мастацкай школы, якой кіруе сябра суполкі “Пагоня” Янка Рамановіч. Аляксей Марачкін, старшыня суполкі, правёў першую экскурсію па выставе, пад час якой распавёў пра творчасць Язэпа Драздовіча, ягоны нялёгкі лёс, а таксама падрабязна спыніўся на творах, якія знаходзяцца ў экспазіцыі. Пры адкрыцці выставы адбылася прэзентацыя культурніцкай кампаніі “Будзьма!”. Аляксей Марачкін кожнаму з удзельнікаў сустрэчы зрабіў падарункі ад кампаніі “Будзьма”, дзякуючы якой мастацкія выставы трапляюць у самыя аддаленыя ад сталіцы куточкі нашай краіны..
Выстава “Нябесныя бегі – Вечны вандроўнік” будзе доўжыцца ў Варацэвічах да 28 студзеня 2009 года, а пасля пераедзе ў Ліду.