Чарговы пісьменніцкі дэсант высадзіўся 17 снежня на Берасцейшчыне. На сустрэчах у Бярозе і Белаазёрску прысутнічалі паэты Васіль Жуковіч, Міхась Скобла і бард Алесь Камоцкі.
Першая сустрэча адбылася ў сярэдняй школе №1, дзе працуе дырэктарам Мікалай Васільевіч Жуковіч, знаны на Берасцейшчыне педагог і выкладчык беларускай мовы. На імпрэзе гучалі вершы і пераклады твораў Адама Міцкевіча, песні на словы Уладзімера Караткевіча, Максіма Багдановіча, Рыгора Барадуліна. Напрыканцы сустрэчы вучні фатаграфаваліся на шчасце “між двух Жуковічаў” і дружна запісваліся ў фан-клуб Алеся Камоцкага. Пераможцы конкурсу на лепшае пытанне атрымалі з рук Міхася Скоблы майкі і сумкі з лагатыпам кампаніі “Будзьма!” На ўспамін пра сустрэчу кожны госць атрымаў у падарунак вялікую ляльку ў нацыянальных строях.
У Белаазёрску да мінскай пісьменніцкай сябрыны далучылася паэтка і перакладчыца Ніна Мацяш, якая і арганізавала сустрэчу ў Белаазёрскім электрамеханічным каледжы. На ёй была прэзентаваная анталогія перакладаў сусветнай паэзіі “Галасы з-за небакраю” (складальнік Міхась Скобла). Гучалі творы нобелеўскай лаўрэаткі Віславы Шымборскай, паэтаў французскай Плеяды, узбецкага класіка Алішэра Наваі, паляка Канстанты Ідэльфанса Галчынскага, украінца Івана Андрусяка. У выкананні Алеся Камоцкага навучэнцы каледжа пачулі знаёмыя ім расейскія шлягеры ў перакладзе на беларускую мову. Амаль гадзіну працягваліся адказы на запіскі.
Адное з самых цікавых пытанняў трапіла Ніне Мацяш, на якое яна дала не меней натхняльны адказ: “Кажуць, што нямецкая мова – для размовы з ворагам, французская – з сябрамі, італьянская – з жанчынамі, лацінская – з Богам. А беларуская для чаго?” “На беларускай мове можна паразумецца і з ворагам, і з сябрамі, і з Богам, і з каханай”, — адказала знакамітая перакладчыца.
Сёння да нас дайшла сумная навіна, што Ніна Мацяш пайшла з жыцця. “Будзьма!” выказвае свае шчырыя спачуванні блізкім і родным паэткі.
Удзячныя за дапамогу ў падрыхтоўцы тэксту і фотаздымкі Міхасю Скобле.
На фотаздымках:
1. Пасля сустрэчы ў Бярозаўскай СШ 1.
2. Перад навучэнцамі Белаазёрскага электрамеханічнага каледжа выступае Алесь Камоцкі.
3. На пытаньні адказвае Ніна Мацяш. Леваруч ад яе Васіль Жуковіч.