21 і 23 траўня ў рамках кампаніі “Будзьма беларусамі!” прайшлі прэзэнтацыі беларускага прыгодніцкага фэнтэзі Аляксея Шэіна. Сустрэчы з чытачамі адбыліся на ўсходзе і захадзе краіны – у Віцебску і Гародні.
У Віцебску сабраліся тыя, хто зацікавіўся з’яўленнем беларускага “высокага” фэнтэзі. Аўтар “Сямі камянёў” Аляксей Шэін расказаў, што адной з прычынаў напісання беларускгаа фэнтэзі стала амаль поўная адсутнасць такіх раманаў у нашай літаратуры.
Музычную аздобу сустрэчы ствараў Андрусь Такінданг (гурт “Recha”).
Напрыканцы прэзэнтацыі прайшла віктарына на тэму фэнтэзі і беларускай літаратуры. Прызамі былі сувеніры ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”.
У Гародні сустрэча прайшла ў краме “Цудоўня”. Урыўкі з кнігі ў музычным суправаджэньні гурта “Раса летуценнікаў” (“Race of Dreamers”) чытаў актор Гарадзенскага тэатру лялек Аляксандр Рацько.
“У мяне растуць трое сыноў, – распавёў падчас прэзентацыі А.Шэін. – Калі я ўсвядоміў, што прыгодніцкай літаратуры для іх ды іншых беларускамоўных дзяцей і падлеткаў амаль няма, то зразумеў, што гэтую праблему трэба вырашаць самому”.