2 чэрвеня на FM-станцыі “Аўтарадыё” стартуе выпуск новай перадачы “Рэнесанс”, прысвечанай беларускай культуры і мастацтву.
Праект быў ініцыяваны Беларускай Музычнай Альтэрнатывай і праходзіць пры падтрымцы агульнанацыянальнай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” Аўтар і вядучы перадачы – Зміцер Сасноўскі, кіраўнік гурта старавечнай музыкі “Стары Ольса”, прадусар гурта “Litvintroll”.
Як сцвярджаюць аўтары, праект паўстаў у выніку амаль поўнай адсутнасці на беларускім радыё перадачаў, прысвечаных беларускаму мастацтву і музыцы.
Па словах аўтара перадачы Змітра Сасноўскага, асноўная задача новай праграмы – вярнуцца да культурнай мінуўшчыны праз сучасныя мастацкія сродкі.
– Ідэя праекту – паказаць мастацтва мінулага, і ў першую чаргу – музычнае мастацтва, у сучасных формах, але з нацыянальнымі элементамі. Адсюль і назва перадачы – “Рэнесанс”. Гэты панятак азначае не толькі мастацтва эпохі Адраджэння, але яшчэ і вяртанне, вяртанне да мінулага. Вось мы і імкнемся спраўдзіць ідэю вяртання традыцыйных каштоўнасцяў, але ў формах, зразумелых сучаснаму чалавеку.
У перадачы будуць прадстаўленыя навіны і анонсы культурнага жыцця Беларусі і замежжа. З перадачы слухачы змогуць даведацца пра цікавыя падзеі з гісторыі і культуры Беларусі, паслухаць апытанкі на разнастайныя тэмы, інтэрв’ю з вядомымі беларусамі, а таксама кампазіцыі сучасных беларускіх гуртоў і выканаўцаў.
Перадача будзе выходзіць штотыдзень, але паўторы праграмы можна будзе пачуць некалькі разоў на тыдзень. Расклад праграмы:
аўторак 08.20
серада 14.20
пятніца 03.20
субота 17.20