Канцэрт з удзелам вядомых зорак айчыннай рок-сцэны “Тарпач”, “Сок”, “Сквот”, “Куклы”, “Рикошет” адбыўся 1 снежня на сцэне мінскага клубу Рэактар. Ён быў прымеркаваны да святкавання сусветнага Дню барацьбы са СНІДам і праводзіўся пад знакам агульнанацыянальнай кампаніі “Будзьма!”.
На тры гадзіны Рэактар пагрузіўся ў брутальнасць і жорсткасць сучаснай беларускай альтэрнатыўнай музыкі. Грубасць і ваяўнічасць нараджаліся з-пад гітараў і ўдарных музыкаў, а лірыка ў стылі “Смерці няма” ці “Ахвяры” насычалі змрочную атмасферу канцэрту філасофскім дэпрэсіўным падтэкстам. Але ці тое сталічная публіка стала занадта патрабавальнаю, ці тое самі музыкі перажывалі не лепшыя свае дні, дух пасіўнасці і ў некаторай ступені незацікаўленасці можна было адчуць да самага сканчэння канцэрту.
Абстаноўка пачала набываць нейкае новае адценне, калі на сцэне з’явіўся гурт “Тарпач” у сваім новым складзе (месца вакалісткі зараз займае харызматычная Вольга Самусік). Падкрэсленая эратычнасць знешняга выгляду салісткі ў спалучэнні з агрэсіўнасцю выканання выклікала новую хвалю эмоцый на танцполе. Асабіста мне “Тарпач” нагадаў нарвежцаў з Theatre of Tragedy, калі ў іх складзе яшчэ была Ліў Крысцін.
Канцэрт трансляваўся ў прамым эфіры радыё www.rock.aplus.by. Паколькі ён быў прымеркаваны да Дню барацьбы са СНІДам, на ўваходзе ляжалі бясплатныя брашуры і газеты на адпаведную тэматыку.
Распаўсюд СНІДу
Па афіцыйных дадзеных у Беларусі зарэгістравана 9 423 носьбітаў ВІЧ-інфекцыі, пераважная большасць з якіх – людзі ад 19 да 25 год. Асноўны шлях заражэння – праз ін’екцыі наркатычных сродкаў.
У свеце у 2007 годзе было зарэгістравана 6,5 мільёнаў новых выпадкаў заражэння ВІЧам. Усяго ж колькасць асобаў, інфікаваных ВІЧам, складае 33, 2 мільёнаў чалавек.
Фота Арсенія Пахомова і аўтара