Паэтэса Вера Буланда 10 студзеня выступіла перад лепяльчанамі з нагоды юбілею мясцовага кампазітара Эдуарда Міхайлавіча Літвіна.
У першы ж год працаўладкавання (1984) на Лепельшчыне Веры Аляксандраўне пашчасціла пазнаёміцца з Эдуардам Міхайлавічам Літвіным. На той час ён працаваў у Лепельскай Школе Мастацтваў.
У тым, што паэтэса і кампазітар супрацоўнічаюць больш за трыццаць гадоў, няма нічога дзіўнага. Нават свой сшытак з вершамі аднойчы маладая настаўніца даверыла толькі Эдуарду Міхайлавічу, які зацікавіўся яе паэзіяй, прачытаўшы ўжо далёка не першыя спробы пяра ў газеце.
Да свята Вера Аляксандраўна падрыхтавала невялікую кнігу-сшытак “Бераг Шчасця” з нотамі Эдуарда Літвіна на яе вершы. На вечарыне паэтэса чытала свае вершы, адзін з якіх быў прысвечаны юбіляру, падкрэсліўшы, што Эдуард Міхайлавіч
Служыў і служыць верна і аддана
Народу, краю, берагу свайму.
А песня з намі – чыстае дыханне,
Яму, як шчасцю, ведаем цану.
Насамрэч, Э. Літвін адпрацаваў у Школе Мастацтваў 54 гады – адзін запіс у працоўнай кнізе. Сціплы, шчыры, добры, сапраўдны – шэраг аналагічных эпітэтаў можна доўжыць. І таму на мерапрымстве так і было – светла, цёпла і шчыра – па-сямейнаму! Прыехалі ансамблі з Домжарыц, гучала музыка, узнімаліся песні да сіняга неба, твары расквечваліся абаяльнымі ўсмешкамі.
Ад культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” Вера Аляксандраўна ўручыла паштоўкі “Не маўчы па-беларуску”, значкі спявачкам, а Эдуарду Міхайлавічу Літвіну – торбачку з выявай Лепельскага Цмока.