Вершы і песні — такое аздабленне займела прэзентацыя кнігі Змітра Дзядзенкі “Гісторыі ў прыцемках”, якая прайшла 29 студзеня ў кнігарні “Кніжная шафа” ў Мінску.
Аўтар прадставіў сваю кнігу вострасюжэтнай гістарычнай прозы, куды ўвайшлі аповесці “Голем з Малой Мар’ямпольскай” і “Вуаерыст”, а таксама апавяданне “Яйкі птушкі Рух”.
З расповедаў аўтара і зачытаных урыўкаў твораў прысутныя даведаліся, чаму Францішак Скарына тэрмінова пакінуў Прагу і як у даўнейшыя часы абыходзіліся з тымі, каго западозрылі ў чарнакніжніцтве. Акрамя таго, распавёў Зміцер Дзядзенка пра тое, як у Воршы ў 1918 годзе ствараўся Беларусі полк у падтрымку БНР і якую ролю адыгралі ў тагачаснай гісторыі Беларусі кітайцы.
Аўтар прызнаўся ў сваёй любові да свайго земляка — Уладзіміра Караткевіча, але дадаў, што натхняўся ў сваёй творчасці не толькі яго героямі, але і дэтэктывамі польскага пісьменніка Марэка Краеўскага.
Дапаўненнем вечарыны сталі вершы Змітра Дзядзенкі як у выкананні самога аўтара, так і Ігара Канановіча — ад лірыкі да іранічных вершаў.
Музычным аздабленнем вечарыны сталі песні пад гітару, выкананыя самім аўтарам гістарычных дэтэктываў. І іх палітра таксама была вельмі шырокая — ад “Паўінтэлігенцкага шансону” да ўласнай версіі “Амаль хрысціянскага тосту за ворагаў”.
Вечарына праходзіла ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”.