“Верасок” – так прыгожа называецца Маладзечанская дзіцячая раённая бібліятэка. Гэты дзівосны “Верасок” квітнее круглы год, дзякуючы юным чытачам. Асабліва іх сабралася шмат 17 красавіка, калі ў госці да сяброў кнігі завітаў пісьменнік Уладзімір Ягоўдзік. Ён прыехаў у Маладзечна ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”, захапіўшы з сабой чароўную торбачку, поўную падарункаў.
Ахвотнікаў атрымаць падарунак было вельмі шмат, а дзеля поспеху патрэбна было расказаць верш на роднай мове, адгадаць загадку, паўтарыць прымаўку-нявымаўку. І неўзабаве беларускае слова залунала з дзіцячых вуснаў, як веснавы ветрык.
Асабліва ўсім спадабалася дэкламаваць разам залатыя нашы словы: “Добры ранак!”, “Добры дзень!”, “Добры вечар!”, “Дабранач!”, “Дзякую!”, “Калі ласка!”
Таму не дзіўна, што потым з чароўнай торбачкі “Будзьма!”, як з казачнага рога ўсяго многа, пасыпаліся падарункі: закладкі з выявамі славутых асветніц Беларусі, паштоўкі з народнымі назвамі, кніжкі, аздобленыя выдатнай мастачкай Аленай Лось.
А на заканчэнне імпрэзы вераскоўцы паглядзелі мультфільм “Піліпка-сынок”, створаны рэжысёрам Таццянай Кубліцкай, і дакументальны фільм “Крылатыя кошкі” Ігара Бышнёва, які агучваў Уладзімір Ягоўдзік.