Працяг. Першая частка тут: Пра кардыльеру Дамейкі, гару Сера-Кімаль і абезгалоўленыя вулканы
Другая частка: Памятка для тых, хто захоча наведаць кардыльеру Дамейкі
“Калі і ёсць у свеце нейкае месца, якое цалкам можа быць прызнанае антыподам Беларусі, — дык гэта менавіта тут”. Вандроўнік Павал Гарбуноў, які ў лютым выправіўся ў “Дамейкініяну” па Чылі і, дзякуючы кампаніі “Будзьма беларусамі!”, усталяваў мемарыяльную дошку-прысвячэнне Ігнату Дамейку на гары Сера-Кімаль, па вяртанні дзеліцца з намі сваімі чылійскімі гісторыйкамі. Сёння — апошняя гісторыйка Паўла пра “Дамейканосныя” мясціны Чылі.
Горад Дамейка (Pueblo Domeyko)
“Дамейканоснага” ў Чылі багата. Адных толькі вуліц у розных гарадах, можа, з дзясятак.
Горад Дамейка (Pueblo Domeyko) — другі буйны чылійскі аб’ект з дамейкаўскай назвай, калі рухацца з поўначы на поўдзень. Размінуцца немагчыма: траса Панамерыкана, дарога, якая працінае ўсё Чылі, праходзіць якраз каля горада. Гэтае месца таксама належыць пустыні Атакама. Менавіта так, належыць — вакол горада горы, пясок і камяні. Пустыня пачынаецца літаральна там, дзе заканчваецца бардзюрны камень крайняй вуліцы.
Гораду 102 гады. Акрамя дамоў жыхароў і будынкаў некалькіх прадпрыемстваў ён мае 3-4 зусім маленечкія крамы, муніцыпалітэт, паліцыю (падаецца, уся ўлада месціцца ў адным будынку), школу і дзіцячы садок. Ёсць футбольная асацыяцыя і футбольнае поле. На ўваходзе ў горад — музей гісторыі горада пад адкрытым небам, дождж — тут рэдкі госць. Вось, падаецца, і ўсё. Прастакутная планіроўка — шэсць вуліц уздоўж, шэсць вуліц упоперак.
Прыкладна тысяча чалавек тут жыве дзеля і дзякуючы шахце. Толькі частка жыхароў занятая ў здабычы ці перапрацоўцы водарасцяў, але да Ціхага акіяна далёка — больш за 50 кіламетраў. Кажуць, што шахцёры ў Чылі зарабляюць багата. Пра дамейкаўцаў гэта сказаць складана. Будынкі простыя, амаль што хаты, некаторыя, на жаль, у вельмі дрэнным, недагледжаным стане. Думаю, што менавіта добрае надвор’е круглы год дазваляе людзям не турбавацца пра іх стан.
Увечары ў гарадку адчуваецца недахоп культурнага жыцця — людзі проста сядзяць на вуліцах на лаўках ці крэслах, зусім як бабулькі ў нашых вёсках. Моладзь ганяе мяч на футбольным полі, а тыя, каго яшчэ не ўзялі ў каманду, робяць гэта на вуліцы. Усё гэта робіць горад крыху несучасным. Такім яго можна было б пабачыць і 100 гадоў таму.
Але людзі ветлівыя, прыемныя. І толькі мой дрэнны ўзровень валодання іспанскай мовай не дазваляе зрабіць сацыялагічнае даследаванне таго, што жыхары ведаюць пра чалавека, які даў імя іх гораду.
Каля гарадка ёсць невялікая гара, якая носіць імя Дамейкі (Cerro Domeyko). Ну, як невялікая — 1100 метраў. Па мерках Чылі гэта ўзгорак. Побач ёсць аэрапорт, зразумела, імя Дамейкі.
Горад Дамейка з найбліжэйшага ўзгорка
Дом Дамейкі
Другі цікавы аб’ект акрамя геалагічнага музея імя Дамейкі ў Ла-Cерэне — гэта дом, у якім жыў наш зямляк. І калі музей прысвечаны менавіта геалогіі, то дом можа расказаць пра жыццё Дамейкі больш.
Дом, у якім жыў Дамейка, знаходзіцца ў цэнтры Сант’яга. Дом жылы, але гэта не перашкодзіла захаваць інтэр’ер ХІХ стагоддзя некранутым. Гуляеш як па музеі. Я так і не зразумеў, як можна жыць сярод фатэляў і іншай абстаноўкі ХІХ стагоддзя.
Звычайнаму турысту ў дом трапіць складана. Мне пашэнціла, бо была падстава: у дом я перадаваў матэрыялы з навагрудскага музея Адама Міцкевіча (Дамейка і Міцкевіч сябравалі і доўгі час перапісваліся), а таксама фотаздымкі ўзыходжання на гару Сера-Кімаль падчас усталявання мемарыяльнай дошкі.
Дамейка пахаваны ў цэнтры Сант’яга, на галоўных могілках. Там жа, пад калонай роду Дамейкі, пахаваныя і ягоныя нашчадкі. На жаль, ужо не існуе музея Дамейкі ў горадзе Пуэрта-Монт, што на поўдні краіны. Інфармацыя пра яго, знойдзеная ў інтэрнэце, не пацвердзілася.
Цікавая гісторыя з портам імя Дамейкі на возеры Llanquihue. Як такога порта таксама не існуе, і дакладныя каардынаты чамусьці памылкова цэляць у сушу. А пад портам маецца на ўвазе невялічкая бухтачка ў прыгожым і ціхім месцы з ашаламляльным краявідам адразу на два вулканы.
Калона Дамейкі на цэнтральных могілках Сант’яга
Як я ўжо казаў, імя Ігната Дамейкі ў Чылі ведаюць, але разгорнута патлумачыць, што гэта быў за чалавек і што ён рабіў, змаглі літаральна адзінкі прыкладна з паўсотні апытаных. Большая частка ведае толькі тое, што быў такі чалавек, што ён быў геолагам і асветнікам. Усё ж такі чылійцы жывуць сучаснымі падзеямі і сучаснымі героямі.
У Дамейкі засталося багата нашчадкаў. Нехта падлічыў, што недзе каля двухсот. Беларуска Таццяна, якая 10 гадоў жыве ў Сант’яга, кажа, што сучасныя Дамейкі ў Чылі маюць дастаткова высокі сацыяльны статус, таму гэтае прозвішча гучыць і цяпер у інфармацыйнай прасторы Чылі.
Сучасныя беларусы ў Чылі
Беларускія паслядоўнікі Дамейкі ў Чылі ёсць. Зразумела, што сёння трапіць у гэтую краіну і застацца тут на доўгі час значна прасцей, чым 150 гадоў таму. Колькасць беларусаў, што падтрымліваюць стасункі, пакуль што, можа, і не дазваляе стварыць дыяспару. Але ўжо цяпер ёсць суполка беларусаў ў фэйсбуку, у якой амаль 20 чалавек. Так што віртуальная пляцоўка закладзеная.
У рэальным жыцці беларусы таксама сустракаюцца. У Сант’яга існуе суполка тых, хто раней жыў на постсавецкай прасторы. Беларусы, украінцы, рускія, малдаване. Нехта разам працуе, нехта прыходзіць у госці, часам збіраюцца на сумесныя вечары. Кажуць, што сітуацыя ва Украіне зачапіла людзей і тут: адносіны паміж людзьмі з рознымі палітычнымі поглядамі пагоршыліся. Кажуць і пра тое, што рускай мовы стала апошнім годам у Сант’яга шмат — ужо не здзіўляюцца, калі пачуюць.
Падставаў для пазітыўнага значна больш. Гэта лепшая эканоміка, клімат, узровень жыцця, “няжорсткасць” дзяржаўнай улады і — тое, што адзначаюць амаль усе, — адкрытасць чылійцаў. Распісваць умовы не буду, каб палова беларусаў не пачала пакаваць чамаданы.
Таццяна пераехала ў Чылі амаль 10 гадоў як. У Чылі ў яе нарадзілася другое дзіця. Яе муж, чыліец з родным для нас імем Віктор, займаецца прыбытковым бізнесам, таму Таццяна мае магчымасць прысвяціць час дзеткам. Пра мінулыя 10 гадоў кажа, што гэта быў час напружанай працы. У іх доме гучаць іспанская, руская, беларуская мовы.
Таццяна з дачкой Дзінай каля дома-музея сям’і Дамейкі
Пляменнік Таццяны Уладзімір разам з жонкай Алёнай пераехалі ў Чылі некалькі месяцаў таму. Пераехалі ўжо з працай — яны прадстаўнікі адной вядомай беларускай кампаніі. Кажуць, што тут ім усё падабаецца. Думаюць заставацца. Так што, у адрозненне ад іншых, яны пераехалі з добрай падтрымкай.
Алена і Валодзя пераехалі разам са сваім сабакам
Чаргі дзяржаваў, якія хочуць лічыць Дамейку “сваім”, у Чылі не назіраецца. У інтэрнэце можна прачытаць толькі пра мерапрыемствы, што час ад часу ладзіла польская амбасада ў Чылі. У трох краінах — Польшчы, Літве і Беларусі — лічаць, што Дамейка займае важнае месца ў іх культурнай прасторы. Менавіта для мяне проста ганарыцца тым, што Дамейка нарадзіўся на нашай зямлі і атрымаў адукацыю часоў ВКЛ, — невялікая справа, я б нават сказаў, рыторыка на пустым месцы. Больш істотнае тое, як мы хочам, каб гэтае імя дапамагала нам у нашым сучасным жыцці і што для гэтага хочам зрабіць.
“Пагуляць” па вуліцах горада Дамейка, пабачыць больш фотаздымкаў з дамейкаўскіх месцаў у Чылі можна тут і тут.