“Калі і ёсць у свеце нейкае месца, якое цалкам можа быць прызнанае антыподам Беларусі, — дык гэта менавіта тут”. Вандроўнік Павал Гарбуноў, які ў лютым выправіўся ў “Дамейкініяну” па Чылі і, дзякуючы кампаніі “Будзьма беларусамі!”, усталяваў мемарыяльную дошку-прысвячэнне Ігнату Дамейку на гары Сера-Кімаль, па вяртанні дзеліцца з намі сваімі чылійскімі гісторыйкамі. Сёння — пра прыгодніцкі пад’ём на гару Сера-Кімаль, усталяванне мемарыяльнай дошкі і самотнага вартаўніка алавянай шахты, які жыве адзін на плошчы памерам з некалькі Мінскаў.
Самае каштоўнае што адбываецца падчас вандровак, — гэта сустрэчы з людзьмі, іх падтрымка і размовы з імі.
Вандроўка да гары Сера-Кімаль суправаджалася сапраўднымі прыгодамі. Гара знаходзіцца за 60 кіламетраў ад невялічкага гарадка Сан Пэдра дэ Атакама. Каб трапіць да гары, спачатку патрэбна праехаць кіламетраў 30 дарогамі па пустыні Атакама, што мае вышыню 2400 метраў, потым забрацца на плоскае плато кардыльеры Дамейкі. Гэта ўжо 3200 метраў вышыні. Па плато трэба праехаць каля 25 кіламетраў, і тады трапіш непасрэдна да падножжа гары. Далей горных аматараў, якім не сядзіцца ў цені, чакае пад’ём на сваіх дзвюх яшчэ амаль на 1100 метраў. Гара адносна простая для трэкераў, не патрабуе навыкаў альпінізму, але вышыня ды спякотнае сонца — улетку тут днём мо і плюс 40 — ды адсутнасць вады ўскладняе задумку і прымушае добра падрыхтавацца.
У гарах я быў ужо багата ў якіх, а вось у пустыні — толькі раз дагэтуль. Таму як яно ўсё будзе, сказаць адразу было вельмі складана. Самае незразумелае для мяне — як дабрацца да гары праз гэтыя 60 кіламетраў пустыні. І дзе з раўніны саланчаку Атакама можна ўзняцца на само плато кардыльеры Дамейкі. Мне дапамаглі мясцовыя каўчсёрферы. Яшчэ загадзя я напісаў наконт сваёй ідэі ў мясцовую суполку і запрасіў далучыцца. Некаторым ідэя вельмі спадабалася. Яны адклікнуліся, каб дапамагчы.
Спадарства выявілася вельмі цікавым. Гэта маладыя людзі з розных краін і кантынентаў, якіх жаданне вандраваць, даследаваць, бачыць прыгажосць гэтага свету сабрала разам у гэтым турыстычным аазісе. Тут яны працуюць хто год, хто паўгода, хто толькі некалькі месяцаў. Большая частка з іх — гіды: разам з турыстамі ўзнімаюцца на горы і вулканы, ездзяць глядзець лагуны, гейзеры, робяць начныя астранамічныя назіранні. Праз пэўны час, калі месца надакучвае, яны пераязджаюць у іншую краіну ці нават на іншы кантынент. Некаторыя з гэтых валацуг не бачаць дома па некалькі гадоў.
Мае знаёмыя сказалі так: твая ідэя вельмі цікавая. Дарога да Сера-Кімаль сапраўды ёсць, мы табе яе пакажам па мапе. Але на чым ты думаеш ехаць? У гэтай вандроўцы я вельмі абмежаваны ў грашах, таму вырашыў ехаць на самым танным сродку — на ровары. Знаёмыя падумалі і сказалі: ну, такое магчыма.
Падаецца, што такое гэтыя 60 кіламетраў для ровара? 6 гадзін туды, 6 назад. Але мяне “супакоілі”, што само падарожжа можа заняць некалькі дзён. Бо гэта спякота, гэта сонца, ад якога недзе схавацца. Да таго ж вышыня — на трохкіламетровай вышыні круціць педалі складана, не хапае паветра. Ну і дадаць тое, што гэта самыя сухія горы ў свеце, і вільгаць выпарваецца з цела вельмі хутка.
Мне параілі ўзяць не менш за 15 літраў вады. Я здзівіўся і не паверыў.
Ровар знайшоўся ў пракаце, я выклаў з заплечніка ўсё, што толькі магчыма, нават намёт — адну-дзве ночы можна правесці і так, дажджу тут у найбліжэйшы год не будзе, набраў у бутэлькі 10 літраў вады і паехаў.
Я адразу зразумеў, што еду зусім не хутка, і першыя 30 кіламетраў самай лёгкай часткі дарогі мне абярнуліся трыма гадзінамі. Я зразумеў, што маё жаданне ўправіцца за суткі было занадта аптымістычнае — так і вады не хопіць. Па дарозе я сустрэў раварыста з Берліна, што падарожнічае па бясконцых дарогах Паўднёвай Амерыкі ўжо пяты месяц. Ён мне даў дадатковыя 3 літры вады.
Усё файна, кручу педалі па пустынных дарогах, шукаю сляды дакараўскіх машын, гляджу на далёкія горы. Шукаю грунтоўку наверх — на плато. Нарэшце знайшоў. Круціць педалі з 20-кілаграмовым заплечнікам за плячыма цяжка само па сабе. А потым, калі дарога пачала падымацца на плато, мяне сустрэў моцны вецер. І, канечне ж, ён быў у твар. Ён быў настолькі моцны, што ехаць стала немагчыма. Я паклаў заплечнік на ровар і паспрабаваў каціць. Ісці атрымоўвалася толькі калі я крыху прыгінаўся, каб схавацца ад ветру за заплечнікам. Дыхаць праз рот было немагчыма — вецер адразу высушваў нёба. Тыя 8 кіламетраў пад’ёму цягнуліся гадзін шэсць. Ужо не было ніякай надзеі трапіць сёння да падножжа гары — хаця б выбрацца на плато.
Горная пустыня па дарозе на плато
Але ноч заспела яшчэ ў гарах па дарозе наверх. У цемры я дастаткова доўга шукаў месца, дзе было б можна легчы спаць і каб не даставаў вецер. Павячэраў печывам і вадой, бо давялося ў вёсцы пакінуць нават гарэлку. Вада ў пустыні смачная як нідзе і ніколі. Я лёг спаць, начапіўшы акуляры на вочы, каб, засынаючы, бачыць зоры паўднёвага неба. І гэта было цудоўна.
Наступны дзень быў цяжкі, спякотны. Ранішнія 25 кіламетраў дарогі змяняліся пяском, камянямі, цягнуліся гадзіны чатыры, але ехаць па плато і глядзець навокал на далёкія вулканы, горы, саланчакі за 50-70 кіламетраў было асалодай. Самае цікавае ў гэтых месцах тое, што яны вельмі розныя. Кожны кіламетр нечакана непадобны да астатніх. Узгоркі, камяні, камяніскі, пясок буйны, пясок дробны, пясок з коркай, пад якім пясок дробны, як пыл, нейкія расліны. Я ехаў улегцы, кожныя 7 кіламетраў пакідаючы літр вады на зваротную дарогу, як вандроўшчыкі-даследчыкі мінулых часоў. Ад сонца давялося ўкрыцца пад адзеннем цалкам, пакінуць толькі вочы.
Плато кардыльеры Дамейкі. На заднім плане гара Сера-Кімаль. Вышыня плато — 3200 метраў, вяршыні гары — 4278 метраў
Уздым і спуск з гары заняў таксама нечакана багата часу. Наверсе я знайшоў прыгожы трохкутны камень, усталяваў на ім металічную мемарыяльную пліту, паглядзеў з вышыні на наваколле і хутка ўніз — мне ніяк было нельга губяць часу.
Вяршыня Сера-Кімаль. 4278 метраў і ўсталяваная мемарыяльная дошка
Калі я спусціўся з гары да ровара, ужо амаль сцямнела. Да пакінутага лагера, дзе быў запас вады і спальнік, заставаліся 30 кіламетраў пустыні.
Зноўку ўзняўся традыцыйны вячэрні моцны вецер, але цяпер ён быў якраз спадарожны, педалі можна было зусім не круціць, нават калі трэба было ехаць праз глыбокі пясок. Гэта якраз той час, калі раварыст можа адчуць сябе матацыклістам.
Плато кардыльеры Дамейкі ў гэтым месцы мае вышыню 3200 метраў і нагадвае марсіянскія ландшафты
Хутка сцямнела так, што ехаць далей было немагчыма. Можна было толькі ісці пехам, звяраючы маршрут з трэкам на навігатары. Я ніяк не паспяваў да лагера. Была перспектыва начаваць на плато проста на пяску ў тым адзенні, што ў мяне было, а яго было якраз небагата. Але ж пустыня цікавая тым, што на такой вышыні тэмпература з дзённай +40 можа спусціцца ўначы амаль да нуля.
Я вырашыў паспрабаваць шчасця і збочыць на шахту, пра якую мне расказвалі сябры. Яна была зусім побач.
Спачатку я пачуў гук рухавіка. Потым ліхтарык высвеціў невялікі домік. Мне адчыніў вартаўнік. Па-ангельску ён не разумеў, але ўсё было відавочна без словаў: ён адразу паказаў, дзе тут душ, і пачаў гатаваць для мяне гарачую вячэру.
Гэта была закансерваваная алавяная шахта. Вартаўнік тут дзяжурыў у самоце ўжо амаль месяц. Потым на месяц ён ехаў адпачываць (ці сацыялізавацца?) дадому. Ён быў маладзейшы за мяне, але выглядаў старым, бо быў даўно не голены і не часаны. У маіх асацыяцыях ён нагадваў паляўнічых ці геолагаў з поўначы Сібіры, вымушаных у адзіноце зімаваць месяцамі.
Тут, сярод бясконцай прасторы пустыні, ён жыў адзін у самоце на плошчы памерам з некалькі Мінскаў. З жывёл навокал — толькі гуанака, якія, у адрозненне ад падобных да іх вікуньяў, маглі абыходзіцца без вады некалькі дзён. Вартаўнік казаў, што гуанака час ад часу паказваюцца на ўзгорках. Ён выклікаў сум, скардзіўся, што зарабляў небагата: 600 даляраў для Чылі — гэта мала, і, як я зразумеў, заняткаў у яго на дзень — не забыць падсілкавацца, увечары запусціць генератар, каб уключыць тэлевізар.
Наступны ранак быў дзівосны сваёй прыгажосцю. Я ўжо не спяшаўся, спакойна фатаграфаваў і з асалодай круціў педалі ўніз да гарадка.
Працяг будзе…