Прэзентацыя “Чытанкі для маленькіх” ад кампаніі “Будзьма беларусамі” пацешыла і разварушыла гарадзенскую аўдыторыю.
“Чытанка для маленькіх” – гэта нешта большае за дзіцячую кніжку, нават якасна выдадзеную. Гэта, лічы, маленькі патаемны свет – з казкамі, калыханкамі і загадкамі, сабранымі пад адной вокладкай. Вось і прэзентацыя “Чытанкі” была зусім не падобная да звыклай прэзентацыі акадэмічнага ці мастацкага выдання, то бок не нагадвала “летаргічны сон”, што з дзецьмі недапушчальна.
Аксана Спрынчан і Яраш Малішэўскі дакладна ведаюць гэтае правіла, увесь час прэзентацыі ўтрымліваючы ўвагу дзяцей: і словам, і песняй, і конкурсам, і калекцыяй чароўных музычных інструментаў.ых.
– Ма-ама, – расцягвае на розныя лады зала.
– А другое?
– Та-а-ата!
– А трэцяе?
– …
– А трэцяе – дуда-а!
Гэтае апошняе разгубленым дзеткам падказвае Яраш і тут жа бярэцца за інструмент, раздзьмувае мяхі. Публіка глядзіць зачаравана, ніякай мітусні, уся ўвага на музыку. І тут – чароўны старадаўні гук напаўняе залу, бібліятэкаркі адно пераглядаюцца з усмешкай: толькі ў кіно такое бачылі ды чулі.
– А гэта пішчык, – паказвае Яраш наступны загадкавы артэфакт, – а чаму такая назва, здагадайцеся…
– Бо пішчы-ыць! – не даслухаўшы да канца, адказвае за ўсіх дзяўчынка.
Бомы, шаргуны, жалейка, варган ды іншыя беларускія інструменты, якія ўжо паспелі стаць экзотыкай, загучалі ў чытальнай зале дзіцячага філіяла абласной бібліятэкі.
Аксана, у сваю чаргу, не давала малечы заседзецца на адным месцы. Усё адно рухлівая аўдыторыя не ўсядзіць на крэслах, а так хоць разам усе паскачуць ды з карысцю для мерапрыемства.
Асобнікі “Чытанкі” пад пахай, паштоўкі ды закладкі “Будзьмы” ў мамчыных сумках за слушныя адказы ў віктарынах, цэлы багаж ведаў пра беларускія музычныя інструменты і проста добры нядзельны настрой… Усё гэта панеслі па хатах гарадзенскія дзеткі, да якіх нарэшце даехала “Чытанка”.
Алесь Кіркевіч, фота Хрысціны Марчук