3-га кастрычніка 2017 года паэтэса Вера Буланда выступіла перад студэнтамі факультэта пачатковай школы ў інтэрнаце № 4 ад педуніверсітэта імя Максіма Танка.
Насамрэч, дзе мы ўскормлены, да таго месца павінны мець ласку, толькі да свайго роднага краю цягнецца душа сапраўднага грамадзяніна радзімы сваёй. Ад Францыска Скарыны, ад яго мудрых думак адштурхоўваючыся, спадарыня Буланда распавяла пра любоў да роднай зямлі, прачытала вершы пра родныя краявіды. Выказала гонар, што вырасла ў Беларусі. нарадзіўшыся ў Маскве, а ў пашпарце пэўны час значылася нацыяльнасць руская, хаця дзяўчынкай яшчэ выбрала асноўнай мовай беларускую:
А я – дзяўчына з Беларусі.
З калыскі мятава-духмянай,
Адтуль, дзе кола круціць бусел,
Дзе кожны – госць, даўно чаканы.
Дарэчы, заслужаны калектыў ансамбля “Свята” выконвае песню “Мы – беларусы” на словы В. Буланды, музыку Г. Сёмінай.
У нашым краі белыя аблокі
Глядзяцца ў вочы сініх-сініх рэк,
Са словам першым радасныя крокі
Зрабілі тут, каб зразумець навек,
Прыпеў:
Які народ наш працавіты, спеўны,
І стол гасцінна сцеліцца абрусам,
Дзяўчаты нашы – проста каралеўны,
А хлопцы, як дубы. Мы ж беларусы!
Над галавой вясёлкавае неба,
У промнях сонца кружацца буслы,
Дзе славіцца красой і жытнім хлебам
Мой родны край, азёрны і лясны.
Мы беларусы, як не ганарыцца
Той светласцю і шчырасцю святой,
Якой у сэрцы суджана праліцца
Нашчадкаў нашых – змены залатой.
У час гутаркі са студэнтамі педуніверсітэта гучалі не толькі вершы, але і песні на словы Я. Купалы “Спадчына”, М. Багдановіча “Ізноў наведаў я сялібы…” Актыўныя ўдзельнікі сустрэчы былі ўзнагароджаны падарункамі ад культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”: паштоўкамі “Не маўчы па-беларуску”, торбачкамі, майкамі з выявамі Цмокаў, а таксама плакатамі “500-годнасць кнігадруку”.