Паэтэса Вера Буланда 27 ліпеня 2017 года выступіла ў цэнтральнай раённай бібліятэцы г. Лепеля і перад двума (па чарзе) групамі дзяцей са Жлобіна, якія адпачывалі ў дзіцячым рэабілітацыйна-аздараўленчым цэнтры “Жамчужына”, што на Лепельшчыне Віцебскай вобласці.
На сустрэчу з паэтэсай Верай Буланда ў Лепельскай цэнтральнай бібліятэцы сабраліся бібліятэкары раёна і горада, а таксама паэты і пісьменнікі з мясцовага літаратурнага аб’яднання “Выток”. Госцю прадставіла кіраўнік літаб’яднання “Выток” Казакова Вольга Мікалаеўна. У год беларускага кнігадруку ў паэтэсы выйшла новая кніга (выбранае) “Лагода”. Гутарка сканцэнтравалася і на кнізе, і на вершах, і на 500-годнасці беларускага кнігадруку. Вера Аляксандраўна падкрэсліла ў сваім выступе, што прыехала ў Лепель на Полацкім аўтобусе – гэта таксама не выпадкова. Думалася ў дарозе і пра першадрукара нашага: магчыма, і ён больш за 500 год таму накіроўваўся гэтым жа шляхам. Размова пра Францыска Скарыну падмацоўвалася і прапановай звярнуць увагу на стэнд, створаны гаспадынямі бібліятэкі.
Спадарыні Веры задавалі пытанні пра блізкіх, пра маленькую радзіму, і пачулі, што даўно памерла бабуля Сцепаніда, яшчэ раней бацька, больш за дзесяць гадоў, як сышла ў цёмны свет маці, многія знаёмыя з роднага Мсціжа пастарэлі, але ўсе засталіся дарагімі яе сэрцу на ўсё жыццё. “Якое вялікае шчасце, калі недзе ёсць месца, дзе чакаюць цябе, каб затуліць крылом спакою і зрабіць цябе мацнейшым”, – разважае госця:
Месца пад небам сабе не аспрэчваю
І не прымерваюся да ўладаў,
Мне проста даволі старонкі з рэчкаю,
Што калыхала на хвалях Буландаў.
Я не для славы вершыкі складваю,
І не за дзякуй, не для карысці,
Я – у даўгу прад усімі Буландамі,
Жыў хто раней і са мною калісьці.
Паэтычны дыялог падтрымалі мясцовыя паэты: Мікола Яршоў, Валянціна Ясень і Анатоль Сергіевіч. Парадаваў і паэтэсу, і прысутных бібліятэкараў і паэтаў мясцовы кампазітар Эдуард Міхайлавіч Літвін, падарыўшы яшчэ тры песні на словы Веры Буланда.
У сувязі з Днём нараджэння Міколы Яршова якраз у дзень сустрэчы ад культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” спадарыня Вера ўрачыста ўручыла торбачку з абазначэннем “Будзьма беларусамі!”, а бібліятэцы падпісала кнігу “Лагода”.
Перад выхаванцамі са Жлобіна Вера Аляксандраўна пачала размову пра творы, звязаныя з героем іх мясцовасці Сашам Тышкевічам – “Васількі” Міхася Лынькова і “Саша Тышкевіч” Пімена Панчанкі. Тым, хто не чытаў апавядання і верша, параіла прачытаць. Звярнула таксама ўвагу на юбілей кнігадруку, распавяла пра Францыска Скарыну, прачытала свае вершы, пагуляла з вучнямі ў “таўтаграму”.
Пераможцам у гульні-конкурсе ад культурніцкай арганізацыі “Будзьма беларусамі!” ўручыла паштоўкі “Не маўчы па-беларуску”, бібліятэкарам як Лепельскай цэнтральнай бібліятэкі і сельскіх бібліятэк, а таксама санаторыя “Жамчужына” на памяць падарыла плакаты “500-годнасць кнігадруку”.