На мінулым тыдні адзін знаёмы запрасіў у вандроўку на Маладзечна. Падарожжы – гэта заўжды цікава: новыя знаёмствы, новыя ўражанні, новыя ідэі, натхненне, сустрэчы…
Так я патрапіла на другі этап дабрачыннай акцыі “Дорым радасць!” сацыяльна-культурнай установы “МоцАрт” і культурніцкай пляцоўкі “Беларуская прастора”. Акцыя накіравана на падтрымку дзяцей з парушэннямі зроку, уцягненне іх у беларускую культурную прастору. Першым этапам была святочна-творчая сустрэча ў спецыяльнай агульнаадукацыйнай школе № 188 г. Мінска.
Другім этапам стала творчая сустрэча ў “Маладзечанскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школе-інтэрнаце № 2 для дзяцей з парушэннямі зроку”. 12 красавіка сюды завітала вясёлая кампанія: рыцары, дудар, журналістка, прадстаўнікі ТАА “Прастора Бай” (PRASTORA.BY) і грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”.
Падчас гэтай незвычайнай сустрэчы школьнікі і выхавацелі-выкладчыкі апынуліся ў Сусвеце беларускай культуры. Было відавочна, што беларуская мова для іх успрымання складаная, незразумелая, не родная… Але цягам сустрэчы адбываецца пералом гэтай адчужанасці.
Распачаў падарожжа ў краіну Беларускасці дудар Яўген Барышнікаў. Частка з прысутных не бачыць выступоўцу, частка – бачыць толькі смутны сілуэт. Сувязь з аўдыторыяй – праз гук. Яўген дэманструе сваё мастацтва – па зале разносяцца магутныя гукі старажытнага інструмента. Дзеці зачаравана слухаюць. Шмат хто з іх займаецца музыкай і спевамі, яны разумеюць “што да чаго”. Дудар распавядае пра назву сваёй сяброўкі-дуды, пра яе складальнікі: мех, пішчык, жалейку, гук, соску. Школьнікі смяюцца, параўноўваюць гукі асобных частак дуды з камарыным піскам, зубрыным рыкам, прытупваюць у такт найгрышаў.
Далей на сцэну выходзяць рэканструктары Юрый Усціновіч, Андрэй Дундукоў і Алесь Пятроўскі. Тут перад унутраным зрокам гледачоў-слухачоў паўстаюць чароўныя карціны слаўнай і трагічнай гісторыі: спадар Юрый распавядае пра войны і ваяроў, што мужна баранілі сваё, пра зброю і даспех, пра складанасці вырабу гэтай зброі. І зноў асноўная крыніца ўспрымання інфармацыі – слых. Пасля расповеду – актыўная дэманстрацыя: хлопцы імітуюць двубой на шаблях, мячах, са шчытамі і без, паказваюць элементы сваіх трэніровак. Школьнікі ў захапленні: тут жа на сваіх месцах дзеляцца ўражаннямі, той, хто бача лепш, пераказвае, што адбываецца на сцэне сваім сябрам. А на сцэне сыплюць іскрамі скрыжаваныя шаблі, звіняць аб шчыт мячы, гучаць баявыя воклічы рыцараў…
Не вельмі ахвотна вяртаюцца вучні з фантастычнага падарожжа па старонках гісторыі. Але тут іх чакаюць іншыя сюрпрызы: пачынаецца інтэрактыў. Ужо няма выступоўцаў і гледачоў, ёсць – суразмоўцы. Моўна-літаратурная віктарына дазваляе паказаць свае веды, за якія школа атрымлівае падарункі ад ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” і ГКК “Будзьма беларусамі!”. А потым… дзецям дазваляецца “разглядзець” тое, пра што распавядалі рыцары – усе жадаючыя могуць дакрануцца, патрымаць у руках і нават прымерыць рыцарскі даспех, зброю, відушчымі пальцамі прабегчыся па лязу мяча, краю шчыта, узяць за руку дудара ці рыцара. Колькі тут уражанняў, эмоцый!
І гэта быў не апошні сюрпрыз – на памяць аб сустрэчы кожнаму школьніку быў уручаны падарунак: торбачка з цукеркамі і галоўнае – набор аўдыёкніг на роднай мове!