Дзе схаваны ад нас, наступнікаў Скарыны, тыя мудрыя-мудрыя веды, з якіх вымкнула колісь прадаўна і вядзе рэй гістарычная дарога нацыі? Як да тых ведаў датупаць-дайсці, як адчуць глыбінную каранёвасць і сягнуць вяршыні? Як спасцігнуць сапраўдную іхную неацэнную вартасць? Што ці хто падказвае нам адмецінамі-пазнакамі шлях да сваёй існасці, да злучнасці продкаў з нашчадкамі, мінуласьці з прышласцю? Якімі паўстаем тут мы, сучасьнікі, перад сівою памяццю папярэднікаў? Скуль бярэ пачатак Айчына? І дзе прасціраюцца гоні ейныя правечныя, адзінай нашай Айчыны? І як намацаць гаючую кропку, скуль б’е струмянёва ратавальная сіла, магута АйЧЫНы, здольнай і прызначанай засланяць, бараніць, ахоўваць дараджваць, узвышаць і ўзвяршаць да ЧЫНнасці – да самкнёнасці часоў, эпох і пакаленняў?
Гэткія вось надта ж не трывіальныя і надта ж трывожныя пытанні наўпрост прасіліся да размовы “Беларусь – мая Айчына”, адбыванай сёлета 1-га верасня ў 39-й мінскай гімназіі. І дзевяцікласнікі, звучаныя куды больш да штодзённага “штурмавання” англійскай мовы, чым да філасофскага роздуму пра ўласныя лёсы-пуціны і значнасць у жыцці чалавечым Бацькаўшчыны, роду, гнязда, парогу, усё-ткі шукалі адказаў. Шукалі разам з паэткай, этнакультуролагам Антанінай Хатэнкай, што завітала да іх у святочны Дзень ведаў, каб разам з юнымі стваральнікамі дня заўтрашняга прыгадаць імёны пачынальнікаў – тых, хто запачаткаваў дзяржаўнасць і сцвердзіў пераможную моц айчыннага Духу.
Дзіва дзіўнае, але аказалася, што ўсё-ўсё, патрэбнае спадчыннікам маці-Беларусі, ляжыць і чакае дотыку зусім блізка, пад сэрцам, ледзь не пад рукой. Але пачуванне Айчыны гэткае аддаленае, адчужанае, замаскаванае пад нямыя помнікі і трыумфальныя прамовы, што “злавіць” сугрэўнае дыханне яе маладзёнам цяпер удаецца зрэдзьчасу, выпадкова, амаль знянацку. І тады… Тады здараецца азарэнне – сугучнасць асабовага і унівэрсальнага, часовага і правечнага, часавага і прасторавага, лакалізаванага і бязмежнага.
Так яно й сталася ва ўлонні першавераснёвай сустрэчы – паразуменне склалася, выткалася з валаконцаў спамінаў і мрой, даверу і надзеі, параднёнасці і памкнёнасці. І Айчына зашаптала, загаварыла, заспявала журкатлівай мовай Янкі Брыля і Пімена Панчанкі, 100-годдзе якіх якраз і прыпала на лета 2017-га. Айчына расхінула абдоймы, з’явіўшыся, нібы раптам, з адплылых далечаў і падаўшы голас у будучынь. І разгарнулася абярожна крылле Скарыны і Міцкевіча, Купалы і Багдановіча, Геніюш і Караткевіча – крылле ласкі і любові. Да зямлі сваёй, скуль узраслі-ўзняліся, скуль бруіць і бруіць сабе ў вякі ды эры першародную чысціню наша Слова. Дзе снуецца і снуецца на кросны Бясконцасці наша Доля. А ў долі гэтай пранізліва-шчымліва гучыць непаўторны наш спеў.
1-га верасня. Кранальны Дзень суполля. І навучэнцам сталічнай 39-й гімназіі ўдалося-такі перасячы мяжу адчужэння, узведзеную колісь на скрыжаваннях айчыннага з чужынскім. Удалося вынайсці сябе ў Айчыне і Айчыну ў сабе.