Напярэдадні Дня Перамогі 8 траўня 2018 года ў СШ №9 г. Мінска ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” выступіла паэтэса Вера Буланда. У пачатку гутаркі з вучнямі 8-б класа спадарыня Вера павіншавала ўсіх з днём Перамогі і распавяла гісторыю сваіх уражанняў з дзяцінства ад успамінаў старэйшых людзей, непасрэдна ад бабулі, таты і цёці Лены, старэйшай бацькавай сястры, пра вайну ў іх лёсах. Як немцы спалілі аднавяскоўцаў у вялікай адрыне, як каты стралялі ў бацьку, тады васьмігадовага хлапчука, як цёця насіла хлеб у партызанскі атрад з маленькім сынком прабіраючыся ў лес, хаваючыся і пад страхам смерці – гэта назаўсёды стрэмкай засела ў сэрцы дзяўчынкі, а зараз выліваецца то ў вершах, то ў аповесцях і апавяданнях, якія апошнім часам пачала пісаць Вера Аляксандраўна:
Я помню цётку-партызанку,
Пужаў яе ўласны цень,
У партызанскую зямлянку
Насіла хлеб яна штодзень.
………………………………
Я помню з болем і тугой,
Як бацька уцякаў па жыце,
Як каты цэлілі ў яго…
………………………………..
Вера Аляксандраўна адначасова прыгадала паэтаў і пісьменнікаў, іх кнігі, якія зрабілі таксама моцнае ўражанне, выклікаючы ў сэрцы боль і гнеў да тых, хто распальвае войны, хто прыносіць людзям столькі непапраўнага гора. Спыніўшыся на гісторыі жыцця Зінаіды Тусналобавай-Марчанка, параіла вучням прачытаць кнігу “Доўгія вёрсты вайны” У. Ліпскага.
І з Тусналобаваю Зінай
Цягнула раненых, і зноў…
Скажыце, шкадаваць не дзіўна,
Што не мая там стыла кроў?
Не я ад лёду адарвана,
І не абрубкі замест рук…
Вучні таксама прыгадалі кнігі і фільмы, ім вядомыя, на ваенную тэматыку. Самым актыўным удзельнікам гутаркі былі ўручаны падарункі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”.