Выстава сучаснага жывапісу “Неасармацкі партрэт” адкрылася ў Менску ў Музеі кіно (Свярдлова, 4) 8 чэрвеня і будзе працаваць на працягу тыдня.
На выставе можна пабачыць працы мастакоў Андруся Мікалаева, Юліі Шайковай, Георгія Танковіча, В. Івашкевіча, П. Васільева, А. Зімніцкага, Крысціна Шмідт, Алега Елізарава. Усе творцы ўваходзяць у гістарычны клуб “Жалезны воўк”, які быў заснаваны ў 1997 годзе ў Наваполацку. Узрост мастакоў ад 18 да 60 гадоў. Зразумела, не ўсе з іх з’яўляюцца студэнтамі Полацкага дзяржаўнага універсітэту, пры якім працуе творчае аб’яднанне.
Андрэй Мікалаеў
Прэзентаваў выставу Андрэй Мікалаеў:
“Наколькі вядома, ніхто, апроч “Жалезнага воўка”, не працаваў з неасарматызмам. Неасармацкі партрэт з’явіўся праз прагу творчасці і нежаданне капіяваць ранейшыя, старыя працы, намаляваныя ў стылі сармацкага партрэту. Капіяваць тое, што намалявана раней, – гэта не творчасць. Каб з’явілася творчасць, трэба рабіць свой унёсак”.
Вікторыя Штукар “Рыцар ідзе на святло”
Назва “сармацкі партрэт” паходзіць ад назвы племя сарматаў. Яны ў 3–4 стагоддзях нашай эры насялялі прычарнаморскія стэпы, а пасля сышлі на поўнач і больш не фігуравалі ў гісторыі. Пасля Люблінскай уніі міф пра тое, што шляхта пайшла ад ваяўнічага племені сарматаў, зрабіўся ідэалогіяй, якая мелася з’яднаць шляхту Рэчы Паспалітай.
Сармацкі партрэт фармаваўся ў 17–18 ст. Гэта парадная выява рыцара, рамантычнага, мужнага ваяра, мажліва, у атачэнні атрыбутаў, адпаведных яго сацыяльнаму статусу. Сармацкі партрэт у параўнанні з неасармацкім мае больш жорсткія каноны. Неасармацкі партрэт можа мець сюжэт, выяўляць больш эмоцыяў, дазваляецца адыход ад рэалізму да іншых стыляў. Сярод палотнаў, выстаўленых у Музеі кіно, ёсць серыя, выкананая ў рэчышчы кубізму.
Справа карціна Юліі Хінтэман
Самыя рэалістычныя і жывыя на выставе – партрэты Юліі Хінтэман, якая працавала настаўніцай малявання і не з’яўляеццца пачаткоўцам, а таксама Георгія Танковіча, самага сталага удзельніка выставы. З пачаткоўцаў Андрусь Мікалаеў адзначыў як таленавітых Вікторыю Штукар і Павала Васільева.
Дапаўняюць экспазіцыю двое даспехаў. Гэтыя металічныя постаці ў кутах залі вельмі дарэчы: яны дапамагаюць яскравей уявіць рыцараў з партрэтаў.
Андрэй Міхайлаў “Думкі”
Па словах Андрэя Мікалаева, мастакі малявалі з натуры. Кожная карціна – аўтарскае бачанне вобразу, і такі падыход дае мастаку магчымасць інтэрпрэтаваць убачанае па-свойму.
На жаль, падчас падборкі працаў не была ўлічаная адна істотная дэталь: аўтары маюць розны ўзровень майстэрства. І калі глядзець на некаторыя партрэты, цяжка паверыць, што партрэт насамрэч намаляваны з натуры, бо ад той натуры застаўся хіба толькі колер даспехаў.