Барабаншчыкі з гурта “Drum Ecstasy” выступілі з канцэртам на пляцоўцы гродзенскага ліцэю №1 7 траўня.
Гэта быў першы сольны канцэрт мінскіх музыкаў у Гродна. Музыка “Drum Ecstasy” ўжо даўно суправаджае касавыя расійскія фільмы і футбольныя матчы, а выступы гурта бачыла амаль уся Заходняя Еўропа. І вось упершыню за сваю шматгадовую музычную біяграфію музыкі вырашылі выступіць з вялікім сольным канцэртам перад сваімі гродзенскімі прыхільнікамі. Да гэтага “Drum Ecstasy” выступалі ў горадзе толькі як удзельнікі музычных фестываляў.
За арганізацыю канцэрту ўзялася гродзенская творчая суполка “Art-Media Service”, вядомая не толькі майстэрскім падборам выступоўцаў, але і адказным стаўленнем да тэхнічных аспектаў арганізацыі канцэртаў. Апошняе мае тут асаблівае значэнне. “Drum Ecstasy” шырока вядомыя выкарыстаннем падчас сваіх выступаў разнастайных інструментаў для стварэння спецыфічных эфектаў і шумоў і суправаджэння імі інтэнсіўнага барабаннага фундаменту. Сярод іх асаблівую “пашану” маюць электрадрылі, электрапілы, вогнетушыльнікі.
Як зазначыў кіраўнік “Art-Media Service” Віктар Барысевіч, святло і гук былі пастаўленыя на вельмі прафесійным узроўні. Добрую якасць музычнай апаратуры адзначыў і лідэр “Drum Ecstasy” Філіп Чмыр. “Такая добрая тэхнічная падрыхтоўка сцэны нават у Мінску не заўжды бывае”, – патлумачыў ён.
Падчас канцэрту гучалі як старыя кампазіцыі гурта, так і новыя творы, што ўвойдуць у новы дыск. Ён будзе запісаны і выйдзе ў свет у верасні гэтага году.
На погляд Віктара Барысевіча, канцэрт “Drum Ecstasy” атрымаўся выдатным: “Выступ музыкаў быў напраўду відовішчны. Усе былі ў захапленні. Мяркую, што канцэрт “Drum Ecstasy” пакінуў у гродзенцаў толькі найлепшыя асацыяцыі з творчасцю гурта.”
“Сама аўдыторыя была невялікая. Але гэта быў той выпадак, калі звычайна кажуць: не было ніводнага лішняга чалавека. Такая публіка заўжды бывае ў Еўропе”, – выказаў сваё ўражанне ад канцэрту Філіп.
Асаблівую падзяку за падтрымку ў правядзенні канцэрту ў Гродна арганізатары імпрэзы выказалі кампаніі “Будзьма беларусамі!”