“Стары Ольса”, “Расалія,” “ESPRIT”, “Келіх кола” (“Ceilidh Ceol”), “Кашлаты Вох,” гурт “Гістрыён”, “Litvintroll” – выканаўцы-ўдзельнікі сёлетняй імпрэзы. Канцэрт-адкрыццё “Дударскага фэсту’09” ладзіўся 24 красавіка ў мінскім клубе “Рэактар”.
Сапраўднае фольк-вар’яцтва адбывалася на танцполе, калі выступаў рок-гурт «Litvintroll». Наведвальніца Наталля:
— Падчас слэму ледзь не атрымала ў вока (смяецца). Але яно таго каштавала.
— Выступ гурта “Litvintroll” – гэта і прэзентацыя іх першага альбому “Rock-&-troll”, а таксама ў музычнай праграме бярэ ўдзел прадстаўнік эстраднай музыкі — гурт “ESPRIT”, — тлумачыць адметнасці сёлетняй імпрэзы прадзюсер фестывалю і лідэр гурту “Стары Ольса” Зміцер Сасноўскі.
Выступ “ветэранаў” беларускай фольк-сцэны – “Старога Ольсы” – вызначыўся якаснасцю ды мілагучнасцю аранжыровак аўтэнтычных беларускіх інструментаў. Далей Зміцер Сасноўскі:
— Традыцыя дударскіх вечарынаў пачалася ў 1990 годзе, калі два беларускія дудары Тодар Кашкурэвіч і Алесь Лось выступілі разам у Вільні. Гэты выступ выклікаў сапраўдны фурор, што падштурхнула да правядзення падобнага фэсту ў Беларусі. Першы фестываль дудароў адбыўся ў Беларусі ў 1992 годзе. З 2006 года ён стаў традыцыйна ладзіцца кожны год.
Дуда – старадаўні беларускі музычны інструмент, што мае багатую гісторыю ды мясцовую традыцыю. Гістарычна кожная краіна мела свой узор дуды. Адзін з пачынальнікаў адраджэння дударскай культуры Беларусі Тодар Кашкурэвіч:
— Беларуская дуда мела аднолькавую канструкцыю з літоўскай ды латгальскай. З беларускай дударскай традыцыяй звязана багатая міфалогія, што бярэ свой пачатак яшчэ з паганскіх часоў. Пра гэта сцвярджаюць шматлікія абрадавыя песні. Некаторыя з іх, па міфалагічнасці, не маюць аналагаў з іншымі краінамі Еўропы.
У якасці наведвальніка на фэст завітаў аўтар тэкстаў і музыкант гурту “Рокаш” Лявон Казакоў:
— Гэты фэст сцвярджае, што беларуская культура, у дадзеным выпадку дударская, захоўваецца ды набірае ўсё большую папулярнасць сярод людзей.
Літаральна за некалькі апошніх гадоў дуда ператварылася з інструменту элітнага кола далучаных ў мэйнстрым. Напрыклад, у Мінску, на адным з ускрайкаў горада, каторы год запар збіраецца нефармальны клуб аматараў дуды, вядомы пад назвай “Корч”. Тут выступаюць як славутасці, гэтак і пачаткоўцы.
Менавіта з “Карча”на “Дударскі фэст” патрапіў малады гурт “Кашлаты Вох”. Гітарыстка гурту Алена:
— На мінулым “Дударскім фэсце” я прысутнічала толькі ў ролі наведвальніцы, а сёння пашэнціла трапіць на сцэну.
Следам на сцэне з’явіўся дзявочы гурт “Расалія”. Адразу пасля канцэрту дзяўчынкі з’ехалі на гастролі ў Галандыю.
Далей у раскладзе фестывалю паводле афіцыйнага сайту “Дударскага фэсту”:
27 красавіка фестываль працягнецца навуковай канферэнцыяй “Захаванне дударскай традыцыі на Беларусі” (хутар А. Лася, Валожынскі раён). Рэгістрацыя: (29) 663-68-79 (Зміцер Сасноўскі).
28 красавіка — заключны дзень. Канцэрт ад 13-00 да 18-00, Музейны комплекс “Дудуткі”: “Стары Ольса”, “Сахор”, “Гальярда”, “Крэва”, Тодар Кашкурэвіч, Дзяніс Сухі, “Келіх кола”/Рунэ “GNY” (Данія). Танцавальная падтрымка: гурт “Гістрыён”.
Старая кухня, традыцыйныя напоі, рамёствы, сувеніры, старадаўняя музыка, атмасфера сярэднявечча. Уваход 20 тыс. Даезд турыстычнымі і рэйсавымі аўтобусамі. Расклад руху аўтобуса № 323 Мінск-Дудуткі: АВ “Усходні” — 9-40 і 12-55; ГК “Аэрадромны” 9-50 і 13-05. Даведкі: (29) 613-77-01; [email protected]. Сайт: dudutki.by Замова квіткоў: (29) 602-52-50, (29) 603-52-50.
Канцэрт у клубе “Рэактар” ладзіўся пры ўдзеле кампаніі “Будзьма!”
Фота з сайта dudar.info