5 лютага ў санаторыі “Магістральны” г. Баранавічы ў межах грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” адбылася паэтычная імпрэза з удзелам сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў Валянціны Осіпавай. Галоўны акцэнт на творчай сустрэчы быў зроблены на такой актуальнай тэме сучаснасці, як крызіс духоўнасці і маральнасці. Гучалі пранікнёныя вершы, у якіх уздымаліся тэмы дабрыні і міласэрднасці, чуласці і рацыянальнасці, пачуцця ўласнай годнасці і нацыянальнай самасвядомасці.
Высокага слова саромецца сталі:
“Чалавек!” – не гучыць ганарова
І кветкай махровай
Расцвіў пафігізм.
На тэлеамбоне крыўляюцца глупства, цынізм…
А ўсімі забытая сівая Муза,
Абцасы збіўшы на бруках Млечных,
З кашом дзіравым цвілога грузу
Брыдзе абочынай, згорбіўшы плечы.
Паэтка не абыйшла ўвагай і хваробы грамадства,якія нясуць небяспеку не толькі асобе, але і будучыні чалавецтва.
Да іголкі з траўкай прывучыўся сплін.
Кіч вычварэнства розных масцяў.
Век моцных жонак і аслабленых мужчын.
Век дагараючых любоўных жарсцяў…
Валянціна Осіпава нагадала таксама слухачам пра важную для славянскага свету дату 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, якую шырока азначалі ў мінулым годзе. Распавяла пра асветніцкую дзейнасць Францішка Скарыны, параўнальным аналізам выхаду першай друкаванай Бібліі ў Празе падкрэсліла значнасць яго культурніцкага подзвігу для ўсяго славянскага свету. Паэтка нагадала слухачам і пра 100-гадовы юбілей БНР, які прыходзіцца на гэты год. Прысутныя на творчай сустрэчы з цікавасцю ўспрыймалі гістарычныя факты, актыўна ўдзельнічалі ў інтэлектуальнай віктарыне, задавалі шмат пытанняў. Асабліва цікавіліся адносінамі да творчасці класікаў нацыянальнай літаратуры, не абыйшлі ўвагай і вядомых сучасных беларускіх аўтараў. Ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” найбольш актыўныя ўдзельнікі атрымалі памятныя пачтоўкі і сувеніры, а бібліятэка санаторыя ”Магістральны”папоўнілася новымі часопісамі і кнігамі беларускіх пісьменнікаў.