20 кастрычніка ў вілейскай грамадскай сядзібе адбылася сустрэча рэдакцыі часопіса “Дзеяслоў” з чытачамі. Да “дзеяслоўцаў” – Барыса Пятровіча, Алеся Пашкевіча і Анатоля Івашчанкі – далучыўся паэт Усевалад Сцебурака, біяграфія якога шчыльна звязаная з Вілейшчынай.
У сваёй прамове рэдактар “Дзеяслова”, старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч адзначыў, што гэтая сустрэча, прымеркаваная да 10-годдзя часопіса, магчыма, будзе першай і апошняй у бліжэйшым часе, бо, “калі ў суседа гарыць хата, не да святаў”. З гэтае ж прычыны запланаваную мінскую вечарыну “Дзеяслова” вырашана было адмяніць.
Імпрэза мела цёплы сяброўскі настрой. Слухачы актыўна ўваходзілі ў сумоўе з гасцямі, задавалі пытанні, чаму спрыяла заахвочванне за найбольш цікавыя водгукі – свежыя і рарытэтныя нумары “Дзеяслова”, а таксама падарункі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”, у межах якой адбывалася сустрэча.
Фота Ганны Бабіцкай