Дзве цікавыя сустрэчы ў пятніцу, 29 студзеня, правялі на Слонімшчыне літаратар, краязнавец і журналіст Сяргей Чыгрын і вядомы бард і журналіст Зміцер Бартосік у межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”.
Гэта іх не першыя творчыя сустрэчы са школьнікамі і настаўнікамі на слонімскай зямлі. Госці заўсёды цікава распавядаюць пра гісторыю зямлі беларускай, пра яе знакамітых людзей. Асабліва дзяцей і настаўнікаў цікавяць тэмы пра cкрадзеныя за многія стагоддзі і вывезеныя беларускія скарбы, у тым ліку Крыж Еўфрасінні Полацкай, шахматную дошку Льва Сапегі, Жыровіцкае Евангелле і сотні іншых беларускіх скарбаў, а таксама лёсы знакамітых беларусаў. У Сянькоўшчынскай сярэдняй школе вучні і настаўнікі прызналіся, што яны ўпершыню ўжывую пачулі барда, які спявае песні на беларускай мове.
Пасля Сянькоўшчынскай СШ Зміцер Бартосік і Сяргей Чыгрын выступілі ў Слонімскім сацыяльна-педагагічным цэнтры і ў Цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Дзецям гэтых цэнтраў госці падаравалі шмат вясёлых песень і паэтычных радкоў, а таксама ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” пакінулі на памяць аб сустрэчы кніжныя закладачкі, паштоўкі і кнігі.