18 кастрычніка Міхась Скобла і Таццяна Грыневіч-Матафонава сустрэліся з вучнямі Рымдзюнскай СШ Астравецкага раёна. Фактычна гэта дзве школы – беларуская і літоўская, хоць размяшчаюцца яны ў адным будынку. Першая сустрэча прайшла на “беларускай тэрыторыі”. Паслухаць паэта і спявачку прыйшлі вучні пачынаючы ад ІІІ-га і заканчваючы Х-м класам, а таксама настаўнікі. Для старшакласнікаў М. Скобла прачытаў вершы з кнігі “Акно для матылькоў”, а для вучняў пачатковых класаў – адмыслова са зборніка “Камень-перунок”. Асабліва даспадобы прыйшліся малечы вершаваныя загадкі. Т. Грыневіч-Матафонава выканала песні на вершы са школьнай праграмы – “Спадчыну”, “Мой родны кут”, “Зорку Венера”, а таксама песню на верш С. Сокалава-Воюша “Школьны званок”.
Падзякаваўшы мінскім гасцям за прыезд, дырэктар школы Віктар Спірыдонак (дарэчы, свой прадмет, фізіку, ён выкладае па-беларуску) правёў экскурсію па школе і школьным музеі. Другі выступ адрасаваўся вучням літоўскай школы, якія вывучаюць таксама і мову беларускую, таму перашкоды ў камунікацыі не было. “У вашай школе мы бачым своеасаблівае Вялікае Княства ў мініяцюры, у якім стагоддзямі мірна жылі нашы продкі – беларусы і літоўцы. Тут няма мяжы, вучань-беларус можа, не выходзячы на вуліцу, прыйсці ў госці да свайго сябра-літоўца. А ў агульным школьным музеі беларусы могуць прымераць драўляныя клюмпы – нацыянальны літоўскі абутак, а літоўцы сесці за беларускія кросны і выткаць прыгожую посцілку. І гэта насамрэч здорава”, – сказаў падчас свайго выступу М. Скобла. На развітанне ўсе ўдзельнікі сустрэчы разам праспявалі два гімны – літоўскі, на словы В. Кудзіркі, і “Пагоню” – на словы М. Багдановіча.
Выступы прайшлі ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”, ад імя якой арганізатары і ўдзельнікі сустрэчаў атрымалі памятныя сувеніры.