15.03.2017 | Навіны "Будзьма!" У краіне

“Дзе ўскормлены, да таго месца ласку маем…” – 500-годнасць у Смалявіцкім і Барысаўскім раёне

 Паэтэса Вера Буланда выступала ў Барысаўскім раёне ў Навасельскай СШ 4 лютага і ў Пліскай СШ Смалявіцкага раёна 15 лютага.

У пачатку сваёй гутаркі Вера Аляксандраўна звярнула ўвагу на падзею, якая адбылася 500 год таму назад, калі наш зямляк, сын Лукі з Полацка, Францыск Скарына надрукаваў першую кнігу сярод усходніх славян у горадзе Прага. Пазнаёміўшы вучняў з асобнымі біяграфічнымі звесткамі нашага першадрукара, паэтэса задала некалькі пытанняў, выхаванцы таксама падзяліліся сваімі ведамі пра славутага земляка. І на працягу сустрэчы лейтматывам гучалі ўзнёслыя думкі з прадмовы да кнігі “Юдзіф”: “Звяры, якія ходзяць у пустыні, ведаюць, ямы свае, рыбы, што плаваюць па моры і ў рэках, чуюць віры свае, пчолы і тым падобныя абараняюць вуллі свае. Гэтак жа і людзі, дзе нарадзіліся і ўскормлены пад Богам, да таго месца і вялікую ласку маюць”.

Насамрэч, там, дома, на берагах Дзвіны і Палаты, ён пачынаў браць і браў, каб аддаваць, браць душой, аддаваць душой. Браць, спадзеючыся, што зможа аддаць, аддаваць, не спадзеючыся, што ўраз ты будзеш аддзячаны, што ўраз ты будзеш зразуметы. І якраз дзеля таго, каб аддаваць, ён пакідаў свой Полацк, пакідаў дзеля Кракава, дзеля Падуі, потым – дзеля Прагі, пакідаў, як бы ідучы да сябе самога, якім ён быў ля чорнага друкарскага варштата. Бо ён быў як бясконцае ўзвышэнне сябе, свайго духу.

Спадарыня Вера чытала і свае вершы пра родны край, пра Ф. Скарыну, у адным з якіх і прагучала прыгаданае славутае Скарынаўскае выказванне, што трэба да свайго кутка мець ласку:

Гляджуся ў азёры любімай Айчыны,

Чытаю паданні сівой даўніны,

Заглядваю ў летапіс пушчы, даліны,

Знаходжу ў бяросце радкі Скарыны.

 

Радкі за радочкамі ў сэрца ўбіраю,

Смакую, люблю, разумею яго:

“Не можам мы жыці без роднага краю,

Як птушкі гнязда не кідаюць свайго”

 

Актыўныя ўдзедьнікі віктарыны знаўцаў жыцця і творчасці Ф. Скарыны узнагароджаны паштоўкамі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”, а настаўнікі беларускай мовы ў свае кабінеты з удзячнасцю ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” атрымалі плакаты-афішы “Юбілей беларускага кнігадруку”.

 

 

 

 


Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика