Зрабіць паштоўку з ватнай авечкай альбо даведацца, як ствараюцца пукатыя інтэрактыўныя старонкі ў дзіцячых кнігах, дапамагала дзецям усіх узростаў мастачка Марта Герашчанка. У музеі-майстэрні З. І. Азгура прайшлі воркшопы для маленькіх і іх бацькоў.
Заняткі, што адбыліся на выходных, сталі часткай вялікай праграмы, якой суправаджалася адкрыццё выставы ілюстрацый Марты Герашчанкі да кніг «Сумны суп» і «Дзве авечкі» пісьменніцы Вольгі Гапеевай. Колькі дзён таму паспелі прайсці ўласна само адкрыццё, публічная дыскусія пра дзіцячую літаратуру з удзелам Джэці і Максіма Жбанкова, прэзентацыя буктрэйлераў, сэт ад Улада Бубна і музычнага праекта AORTHА. Але дзіцячыя кнігі павінныя прэзентавацца так, каб было цікава дзецям. Таму ў выходныя пад наглядам азгураўскіх гіганцкіх Леніных і Сталіных, якія для дзяцей былі проста «вялізнымі дзядзямі», усе ахвочыя мелі магчымасць маляваць і клеіць, высалапіўшы языкі.
«Упершыню майстар-клас мы правялі падчас прэзентацыі “Сумнага супу”. Практыка паказала, што дарослыя згадваюць дзяцінства і ўцягваюцца нават мацней за дзяцей”, – кажа Марта Герашчанка.
На суботнім воркшопе Марта з дзецьмі вырабляла паштоўкі з пухнатай гераіняй кнігі «Дзве авечкі». Кніга была напісаная ўжо даўно, але праз тэхнічныя прычыны ўсё яшчэ рыхтуецца да выхаду ў выдавецтве «Логвінаў». Аўтаркі спадзяюцца пабачыць яе ў кастрычніку. Гераіні кнігі вандруюць па свеце, заязджаючы нават у Кітай, а дзецям прапаноўвалася выправіць сваіх авечак у падарожжа па Беларусі, паклаўшы ў канверт і напісаўшы адрас.
Нядзельны воркшоп разлічваўся на старэйшых дзяцей – ад дзесяці гадоў, але такіх у музеі хіба і не было. Зрэшты, і дашкольнікі з заданнем справіліся.
«Мы марылі зрабіць нашыя кнігі інтэрактыўнымі, не ўсё атрымалася, але прынамсі ў «Авечках» недзе трэба старонку пераварочваць дагары нагамі, яшчэ ёсць нейкія штукі. Таму на нашым воркшопе мы вырашылі паказаць дзецям, як робяцца інтэрактыўныя старонкі кнігі», – паспявае патлумачыць Марта, а яе ўжо тузае за рукаў хтосьці з дзяцей, патрабуючы ацаніць дасягненні.
Сюжэты для старонкі, якая павінная паўставаць у кнізе асобна выразанымі фігуркамі, кожны прыдумляў сам. Хтосьці паўтараў карцінку з «Сумнага супу», а нехта даваў волю фантазіі і насяляў малюнак драконамі, прынцэсамі і шэрымі катамі. А калі хто стаміўся маляваць, мог узяць паўзу і паглядзець буктрэйлеры, якія круціліся на сцяне ў маленькім пакойчыку.
Воркшопы і выстава ілюстрацый ладзяцца ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”. Кніга “Сумны суп” выйшла з друку дзякуючы намаганням Саюза беларускіх пісьменнікаў і кампаніі “Будзьма беларусамі!” і з’яўляецца пераможцам літаратурнага конкурсу “Экслібрыс”, арганізаванага Саюзам беларускіх пісьменнікаў і Беларускім ПЭН-цэнтрам.
Дарэчы, сама выстава, у якую ўвайшло па шэсць ілюстрацый з кожнай кнігі, прабудзе ў музеі Азгура да 18 кастрычніка.
Аляксандра Дорская, фота – Аляксандр Ждановіч