Спектакль “Адзін дзень Максіма Багдановіча” адбыўся ўчора ў вялікай залі Белдзяржфілармоніі ў межах кампаніі “Будзьма!”. Ягоны аўтар – ужо вядомая сталічным тэатралам сваёй незвычайнай пастаноўкай “S-музыка” кіраўніца фальклор-тэатру “Госьціца” Ларыса Сімаковіч.
“Гэты спектакль – сапраўдная “бомба” для нашай філармоніі. Я сумняюся, што мы яшчэ раз выступім з ім у Мінску, магчыма толькі калі нас запросяць са спектаклем за мяжу. Але ад вялікай колькасці паказаў якасць пастаноўкі не павялічваецца. Я не хачу рабіць з яго камерцыйны праект. Як жа можна на Багдановічы зарабляць грошы?”, – зазначыла Ларыса Сімаковіч.
Бомбу можна было чакаць, убачыўшы толькі афішу спектакля. Рука, якая цягнецца зверху ўніз да самай “беларускай” кветкі – васілька. “Гэтая рука сімвалізуе мост паміж вышынёй, хараством і зямлёй. Яна працягваецца да васілька, сімвала паэзіі Максіма Багдановіча, да “аздобы душы”, як ён вызначыў яго ў сваіх вершах”, – паведаміла аўтарка праекту.
Галоўнага героя спектаклю – Максіма Багдановіча – сыграла таленавітая актрыса Купалаўскага тэатру Святлана Зелянкоўская. Насуперак чаканням і страхам сталічнай тэатральнай публікі яна не мела налепленых на твар ні барады, ні вусоў, па-за якімі магла б схавацца жаноцкасць постаці актрысы. Адзінае, што казала аб яе нежаночай сутнасці, – гэта чорны мужчынскі гарнітур. І тое, што яшчэ задоўга да пачатку спектаклю ўсе гледачы ведалі пра сенсацыю: упершыню ролю Максіма Багдановіча сыграе жанчына.
Пастаноўка ўяўляла сабой злучнасць дзевяці містэрыяў, даволі рэдкага і своеасаблівага жанру для сучаснай тэатральнай прасторы Беларусі. Сапраўдныя містэрыі можна ўбачыць зараз хіба што ў славутай лялечнай батлейцы ў Мосары, за што горад славіцца па ўсё краіне. Да таго ж, містэрыя ёсць і вельмі спецыфічным тэатральным жанрам: яна ўяўляе сабой рэлігійнае прадстаўленне, якое інсцэніруе асобныя сюжэты і эпізоды з біблейных Евангеліяў.
Што ж можа аб’ядноўваць містэрыю ў яе тыповым выглядзе і тую містэрыю, пастаноўка якой адбылася ўчора ў сталічнай філармоніі? Згодна з намерам аўтара спектаклю Ларысы Сімаковіч, пастаноўка павінна выявіць архетып сапраўднага Музыкі, Творцы. Ягонае сталенне і развіццё прасочваецца праз усе дзевяць містэрыяў паміж супрацьлегласцямі архаічнасць – сучаснасць, геній – пасрэднасць, прагрэс – заняпад. Гэты рух ажыццяўляецца ў розных вымярэннях, галоўнае з якіх – часавае. Менавіта паміж гэтымі супрацьлегласцямі і жыве галоўны герой: і як чалавек, і як прататып творцы.
Такая задума аўтара ўвасобілася ў спалучэнні разнастайных мастацкіх жанраў: спектаклю, монаспектаклю, танцу, спеваў. Усе складнікі пастаноўкі падкрэслена адасобленыя адзін ад аднаго і ў розным спалучэнні ўтвараюць кожную з містэрыяў. Глыбокія філасофскія і псіхалагічныя катэгорыі ўвасабляюцца постацямі Моцарта і Сал’еры (геній і пасрэднасць), Міколам Пінігіным і гуртом N.R.M. (сучаснасць). Уласцівым паэзіі Максіма Багдановіча міфічным героям – русалкам і вадзянікам, каханню і любові да Радзімы таксама прысвечаныя асобныя містэрыі.
У спектаклі прынялі ўдзел такія вядомыя тэатральныя і музычныя ансамблі, як фальклор-тэатр “Госьціца”, гурты N.R.M. , “In search for” і “Ліцьвінскі хмель”, гучала музыка Моцарта, Сальеры, Ларысы Сімаковіч і нават Лявона Вольскага. Яшчэ задоўга да канцэрту было вядома, што N.R.M. маюць намер выканаць песню, пакладзеную на вершы Багдановіча, але прагучалі толькі іх уласныя хіты “Лёгкія” і “Тры чарапахі”.
“У фінале, перад тым, як пачаліся апладысменты, публіка ўстала. Для мяне гэта было галоўнай адзнакай, сімвалам зваротнай сувязі паміж намі і гледачамі,” – адзначыла Ларыса Сімаковіч. А ўдзячнасць аўдыторыі – ці не лепшы гэта падарунак для творцы?
Фота з сайта gazetaby.com