1 верасня паэты Эдуард Акулін і Леанід Дранько -Майсюк у межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” правялі тры літаратурныя сустрэчы на беразе Мінскага мора – у санаторыях “Пралеска” і “Лазурны” і аздараўленчым цэнтры “Світанак”.
“Паэтычны “шторм”, у які трапілі нашыя слухачы, па дзевяцібальнай сістэме можна без перабольшвання ацаніць на 9 балаў… На адметнасць жа нашага выступлення ў аздараўленчых установах мінскага ўзмор’я на гэты раз паўплываў сам дзень, у які былі запланаваны сустрэчы, а менавіта – 1 верасня. Як вядома, 1 верасня – гэта традыцыйнае свята ведаў, якое гэтым разам мы правялі не ў школьных сценах, а сярод адпачывальнікаў беларускіх санаторыяў, сярод якіх было нямала і бацькоў, і дзяцей. Таму лейтматывам сустрэч стала тэма беларускай мовы як асноўнага духоўнага сімвала Беларусі. Як заўсёды, самыя актыўныя ўдзельнікі імпрэз атрымалі памятныя сувеніры ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”, – паведамілі выступоўцы.