3 траўня ў межах грамадскай культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі!» адбылася сустрэча паэтаў Усевалада Сцебуракі і Анатоля Івашчанкі з навучэнцамі гуманітарных класаў Ліцэя БДУ.
Госці распавялі пра дзейнасць Саюз беларускіх пісьменнікаў, часопіса “Дзеяслоў”, кампанію да юбілею беларускага кнігадруку “Пяцісотгоднасць” і, вядома ж, падзяліліся сваімі новымі творамі. Усевалад Сцебурака парадаваў слухачоў вершамі, што прапагандуюць неабходнасць мець хатніх жывёлак. Анатоль Івашчанка пачытаў з новай “дзеяслоўскай” паэтычнай нізкі , а таксама прэзентаваў некалькі кавераў з Анталогіі перакладу расійскай рок-паэзіі.
Госці заінтрыгавалі слухачоў паведамленнем пра тое, што ў бліжэйшым нумары “Дзеяслова” з’явіцца публікацыя іх сяброўкі-ліцэісткі ў нечаканым для рубрыкі “Дэбют” жанры.
У часе сустрэчы госці адказвалі на вялікую колькасць пытанняў. Слухачоў цікавіў шырокі спектр тэмаў – ад варыянтнасці правапісу ў беларускай мове да мажлівасцяў маладых аўтараў самарэалізавацца і сцвердзіцца як творцаў у сённяшніх культурніцкіх варунках.
Па сканчэнні імпрэзы самыя актыўныя ўдзельнікі гутаркі атрымалі падарункі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” і часопіса “Дзеяслоў”. Госці таксама не засталіся без падарункаў, атрымаўшы прыгожыя кубкі з лагатыпам Ліцэя.