Экскурсія па адным з найбольш старавечных куткоў Мінску — Траецкім прадмесці і Траецкай гары — адбылася ў мінулую нядзелю. Па традыцыі арганізатарам вандроўкі стала моладзевае грамадскае аб’яднанне “Гісторыка”, прагных да гісторыі свайго горада мінчукоў па традыцыі частаваў ведамі Іван Сацукевіч, і зноў жа па традыцыі ўражанні слухачоў ад вандроўкі засталіся самымі пазітыўнымі.
Сярод найбольш цікавых гісторый Івана Сацукевіча, на думку сябра “Гісторыкі” Кірылы Сінюціча, былі яго расповеды пра гісторыю пабудовы Опернага тэатру, пра дом, дзе калісьці жыў Максім Багдановіч, а таксама пра незвычайныя архітэктурныя асаблівасці некаторых будынкаў савецкага перыяду.
Так, паводле першапачатковага праекту мінскага Тэатру оперы і балету, распрацаванага архітэктарам Іосіфам Лангбардам, над тэатрам меўся ўзвышацца 100-метровы конус. Праект ухвалілі ўсе дзяржаўныя органы, акрамя… НКУС. Супрацоўнікі “органаў” палічылі, што такі конус мог бы стаць арыенцірам для польскіх вайскоўцаў, бо ў той час мяжа з Польшчай праходзіла паблізу Мінску.
Распавёў Іван Сацукевіч і пра ідэю назвы сучаснай вуліцы імя Максіма Багдановіча. Згодна з пачатковым намерам гарадскіх уладаў, вуліца Максіма Багдановіча павінна была сканчацца плошчай Бангалор, але ўрэшце працягнулася аж да самога Зялёнага Лугу.
Хочаце ведаць больш пра свой горад? Далучайцеся да экскурсій “Гісторыкі”!
Фотаздымкі Ташы Міхайлоўскай.