12 кастрычніка ў Мінску ў рамках кампаніі “Будзьма” адбылася экскурсія пад назвай “Мінск і прадмесці”, мэтай якой з’яўлялася наведванне будынкаў гістарычнай і культурнай спадчыны беларускай сталіцы. Арганізатарам экскурсіі выступіла моладзевае грамадскае аб’яднаннем “Гісторыка”.
Колькасць удзельнікаў экскурсіі не перавышала 15 чалавек, большасць якіх складалі людзі сярэдняга і сталага ўзросту. Экскурсаводы разам з удзельнікамі наведалі найбольш старажытныя і аўтэнтычныя мясціны Мінска: Ніжні і Верхні горад, Траецкае прадмесце.
Акцэнт экскурсіі быў зроблены на гістарычны бок наведаных мясцінаў, а таксама на тых асобаў, якія мелі да іх непасрэднае дачыненнне. Асаблівая ўвага экскурсаводамі была нададзеная апавяданням пра вядомыя будынкі, цэрквы і касцёлы, што маюць вялікае значэнне для гісторыі краіны і яе культуры.
Па словах аднаго з арганізатараў экскурсіі Кірылы Сіцюніча, прысутныя не былі дасведчымі знаўцамі гісторыі Беларусі і наведаных імі мясцінаў, але з жывым інтарэсам слухалі пра іх і задавалі ўдакладняючыя пытанні экскурсаводам.