Экскурсію па адной з самых вялікіх плошчаў Еўропы — Плошчы Незалежнасці – зладзілі ў сераду 26 траўня МГА “Гісторыка” і кампанія “Будзьма беларусамі!”
Падчас адысеі па цэнтры сталіцы наведвальнікі мелі магчымасць дазнацца пра мінулае “Валадарскай турмы” ды знікненне бронзавага Леніна ў часы вайны, паслухаць пра савецкую страўню, дзе працавала больш за 400 чалавек і даведацца пра сяброў-архітэктараў Гайдукевіча і Гая.
Былая савецкая страўня, сёння клуб “Roxy”
Турма на Валадарскага
Дом па Валадарскага, 9, дзе была падпісана 3-я ўстаўная грамата БНР
Наведвальніца:
–Раней я не ведала такіх цікавых падрабязнасцяў з жывой гісторыі Мінска.
Вядоўцам гістарычнай адысеі стаў малады краязнаўца ды экскурсавод Цімох Акудовіч:
— Ідэя правядзення гэтай экскурсіі нарадзілася падчас “Фэсту экскурсаводаў”. Плошча Незалежнасці — гэта цэнтр не толькі сталіцы, але і ўсёй краіны. Але, калі замаўляць экскурсію па Мінску, то гэтую плошчу проста мінаюць на аўтобусе і едуць да Нацыянальнай бібліятэкі.
Цімох Акудовіч і наведвальнікі экскурсіі
Раней Плошча Незалежнасці была ўскраінай Мінска. У 1863 годзе тут было здзейснена паказальнае катаванне рускага афіцэра, які распаўсюджваў газету “Мужыцкая праўда”, а бронзавы Ленін, што сёння месціцца каля Дома ўраду, — першы помнік лідэру бальшавікоў у свеце.
Помнік Леніну
Апошнюю рэстаўрацыю плошча Незалежнасці ўбачыла ў 2002–2006 гг. Па-над гарызонтам выраслі шкляныя купалы ды фантаны, а пад зямлёй з’явіўся філіял маскоўскага «Охотного ряда» — гандлёвы цэнтр “Сталіца”.
Плошча Незалежнасці сёння
Плошча Незалежнасці
Жанчына, якая чытала кніжку на плошчы:
— Гэтыя шкляныя купалы нечым падобныя да маленькіх маўзалеяў.
Доўгі час сярод беларускай гістарычнай спадчыны добра вядомымі помнікамі заставаліся “Лінія Сталіна”, Мір ды Нясвіж. Але на сённяшні момант можна казаць аб пэўным развіцці беларускага турызму, што цвердзіць экскурсавод Цімох Акудовіч:
— Праблема ў тым, што ў нас 15 гадоў не рыхтавалі гідаў. Зараз з’яўляецца моладзь, якая сапраўды глыбока цікавіцца гісторыяй. Шмат хто з іх атрымлівае ліцэнзіі на правядзенне экскурсіяў, што таксама прыемна.
Часам беларускія помнікі наведваюць госці з замежжа, але часцей за ўсё гэта адбываецца па асабістых прычынах. Цімох Акудовіч:
— Немцы едуць глядзець помнікі, звязаныя з вайной, габрэі едуць глядзець месцы нараджэння іх продкаў, палякі наведваюць помнікі, звязаныя з Касцюшкам ці Міцкевічам.
Існуюць на Беларусі і такія помнікі, дзе ўвогуле не ступала нага турыста.
Цімох:
— Цудоўныя помнікі: палац у вёсцы Жылічы і ў вёсцы Красны Бераг ды іншыя – застаюцца зусім невядомымі сярод турыстаў. Існуе меркаванне “калі я пра гэты горад не ведаю, значыць, там нічога няма”. У выніку гарады ды мястэчкі з багатай гісторыяй застаюцца пазбаўленымі увагі турыстаў.
Экскурсія па плошчы Незалежнасці доўжылася больш за гадзіну, а колькасць яе наведвальнікаў перавысіла некалькі дзесяткаў чалавек.
Наведвальнікі
Наведвальніца:
— Дзякуй вам, вельмі прыемна чуць праўдзівую гісторыю пра свой горад, абавязкова прыйду да вас яшчэ.
Рускі тэатр, які раней быў сінагогай
Адысею па сэрцы сталіцы арганізоўвалі МГА “Гісторыка” і кампанія “Будзьма беларусамі!”