У апошнюю суботу ліпеня мінчукоў і гасцей сталіцы запрасілі далучыцца да святкавання 100-гадовага юбілею Фінляндыі і прыняць удзел у Фестывалі фінскага танга, які адбыўся на плошчы Свабоды і тэрыторыі Верхняга горада ў Мінску.
Фінскае танга – нягледзячы на іранічныя ўсмешкі некаторых гасцей, гэта своеасаблівая візітоўка Фінляндыі, абавязковы атрыбут папулярных танцавальных вечароў, гэта і танец, і песня. На фестывалі можна было навучыцца танцаваць фінскае танга — для гасцей і гледачоў былі арганізаваныя танцавальныя майстар-класы ад прафесійных фінскіх і беларускіх танцораў.
Хэдлайнерамі фестывалю ў Мінску выступілі папулярныя фінскія артысты — спявак, кароль фінскага танго Тээму Ройвайнен, танцоры фінскага танга Ханна Оянаха і Віле Іманен, а таксама ілюзіяніст Ёні Паканен.
Да фінскіх артыстаў ахвотна далучыліся іх беларускія калегі — Георгі Калдун з каверамі папулярнейшых рок-кампазіцый, група «Litesound», музычны праект «Bon Voyage», аркестр «Алімпія Класіка». Свята наведаў і Ёулупукі — сапраўдны фінскі Санта Клаўс.
Тэрыторыя фестывалю была падзелена на тэматычныя зоны, у якіх можна было пагуляць у фінскія гарадкі і фларбол, прыняць удзел у майстар-класе па выпечцы фінскіх кандытарскіх вырабаў, перакусіць у фуд-корце, дзе былі прадстаўлены эка-прадукты з Фінляндыі.
Госці імпрэзы маглі паспрабаваць свае сілы на аўтаномным скаладроме, падтрымаць дабрачынныя і сацыяльныя праекты, прыняць удзел у ўроках фінскай мовы і адкрыць для сябе магчымасці падарожжаў па Фінляндыі.
Можна было таксама прыняць удзел у конкурсе на лепшае відэа-віншаванне Фінляндыі і нават выйграць паездку ў Фінляндыю!
У інфармацыйным цэнтры Фінляндыі працаваў і кніжны стэнд. Пісьменнік і выдавец Уладзімір Сіўчыкаў і перакладчыца Вольга Рызмакова расказалі наведнікам пра навінкі фінскай мастацкай і непрыдуманай літаратуры, якія выйшлі па-беларуску ў год слаўнага Скарынаўскага юбілею і ўсяго беларускага кнігадруку ў межах грамадска-культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”. Найбольш актыўныя і дасведчаныя ўдзельнікі гутаркі і віктарын атрымалі падарункі ад вядоўцаў – паштоўкі “Не маўчы па-беларуску”, “Святы, якія заўжды з табой”, юбілейныя значыкі і плакаты, сувенірныя торбы.
Удзел у рабоце стэнда ўзяў таксама амбасадар Фінляндыі Крыстар Міхельсан.
Раіса Шастак
Здымкі аўтара і Уладзіміра Сіўчыкава