Паэтэса Вера Буланда выступіла перад шасцікласнікамі 217 школы 9 лістапада 2017 года.
Вучням 6-га класа спадабалася самім складаць сказы-таўтаграмы, прапанаваныя паэтэсай Верай Буланда. І было сапраўдным здзіўленнем, што адлюстравалася ў іхніх вачах і апладысментах, калі спадарыня Буланда прачытала вершы-таўтаграмы.
Насамрэч, гэта вельмі цікава і займальна не толькі пагуляць у рыфму, але і папрацаваць над словам, каб паставіць яго ў спалучэнне з іншым словам, а потым – у сказ, тэкст…
Пап’е, папера, папка і папірус
Праз пакаленні пранясуць пяром
Прыгоды Персефоны, Пана, Пірры,
Планета, ці паплачаш, як памром.
Па пуцявінах прама да Парнаса
Прыкленчу Пенелопаю ў парог
І папрашу я паэтычнай працы,
Памножыць паэтычнх перамог!
І само сабой, нельга ў сувязі са словамі папера, папірус, пяро не ўзгадаць імя славутага земляка нашага Францыска Скарыны, які на паперы, але ўжо не пяром, выціснуў шмат кніг у горадзе Прага ў 1517 годзе. Мы ганарымся ім, беларускім і ўсходнеславянскім першадрукаром, асветнікам-гуманістам, пісьменнікам, грамадскім дзеячам, прадпрымальнікам, вучоным-медыкам.
Вучні, адказваючы на пытанні віктарыны, прыгадалі, што Скарына нарадзіўся ў сям’і заможнага купца ў Полацку, буйным гандлёвым і вытворчым цэнтры Вялікага Княства Літоўскага, імаверна атрымаўшы там першапачатковую адукацыю. У 1504 годзе паступае ў Кракаўскую акадэмію, дзе атрымлівае ступень бакалаўра, у 1512 годзе ў Падуанскім універсітэце Скарына атрымае ступень доктара медыцыны. Пераехаўшы ў Прагу менавіта тут, 6 жніўня 1517 года Скарына выдае першую друкаваную беларускую кнігу — “Псалтыр”.
Самыя актыўныя ўдзельнікі дыялогу ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” былі ўзнагароджаны паштоўкамі “Не маўчы па-беларуску”, торбачкамі і майкамі з выявамі Францыска Скарыны.