9 – 10 чэрвеня 2017 года ў г. Бярозе Брэсцкай вобласці прайшоў IV Міжнародны літаратурна-музычны фэст “Славянскi вянок”, які стаў значнай падзеяй у культурніцкім жыцці нашай краіны. Да прызнаных дзеячаў мастацтваў Беларусі, Украіны, Расіі, Польшчы і Сербіі ўпершыню ў гэтым годзе на свяце далучыліся іх калегі з Македоніі, Чэхіі, Славакіі і Балгарыі (усяго 9 краін). Арганізатарамі і заснавальнікамі фестывалю выступілі ААТ «Бярозаўскі сыраробны камбінат», сумесна з першаснай прафсаюзнай арганізацыяй прадпрыемства. Літаратурна-музычны форум “Славянскi вянок” аб’яднаў вядомых і маладых паэтаў, спевакоў, танцораў і музыкаў. Перад пачаткам гала-канцэрту ў Цэнтральным парку прайшлі выступы творчых калектываў Бярозаўшчыны, народныя ўмельцы і фларысты правялі свае майстар-класы. Прадпрыемствы Бярозаўскага раёна далі магчымасць усім жадаючым прадэгуставаць абразцы сваёй прадукцыі. У Палацы культуры г. Бярозы, дзе і адбылася “Літаратурна-музычная сустрэча “Славянскi вянок “, прайшла творчая выстава мастака Анатоля Маразюка. А берасцейскі паэт Сяргей Амяльчук даў магчымасць гасцям і ўдзельнікам фестывалю пазнаёміцца і набыць для чытання кніжныя выданні пісьменнікаў берасцейскай філіі СБП.
Больш за 3 гадзіны працягваўся гала-канцэрт, на якім гледачы пазнаёміліся з паэтычнай і музычнай культурай славянскіх народаў. Публіка цёпла прыймала творчасць усіх удзельнікаў фесту. Са сцэны гучалі паэтычныя творы на розных мовах, але кожнаму гледачу былі зразумелы словы, напоўненыя любоў’ю і яскравасцю. Сучасную беларускую літаратуру на свяце музыкі і паэзіі годна прадставілі Алесь Разанаў, Эдуард Акулін, Наста Кудасава, Валянціна Осіпава, Алена Усцілоўская, Маргарыта Гаравая і Георгій Ліхтаровіч, які, падчас уступнага слова, ад імя Саюза беларускіх пісьменнікаў уручыў Ганаровую грамату арганізатарам IV Міжнароднага літаратурна-музычнага фэста “Славянскi вянок”. Упрыгожвалі канцэрт і майстры паэтычнага слова з розных краін, і творчыя калектывы Бярозаўшчыны – ансамблі «Журавінка», «Картузяне», «Броннагорскія лыжкарыкі» і іншыя. Прыемна, што галоўны прыз фэстывалю – прыз глядацкіх сімпатый – атрымаў у гэтым годзе беларускі паэт-бард Эдуард Акулін. Валянціна Осіпава падчас выступу прыгадала гасцям фестывалю, што свята музыкі і прыгожага пісьменства ў гэтым годзе супала з вельмі значнай для Беларусі падзеяй – з 500-гадовым юбілеем беларускага кнігадруку. Гледачы даведаліся, што ў гонар Скарынавага подзвігу ў краіне шырока праводзяцца мерапрыемствы, ладзяцца творчыя сустрэчы, на якіх услаўляецца дзейнасць першага беларускага кнігадрукара Францыска Скарыны. Ад імя Саюза беларускіх пісьменнікаў і грамадска- культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” бярозаўская паэтка павіншавала ўдзельнікаў фесту са святам і ўручыла на памяць гасцям кнігі і паштоўкі на беларускай мове з серыі “Не маўчы па-беларуску!”.