Пры дапамозе кампаніі “Будзьма беларусамі!” часовыя жыхары летніка “Орлёнок” і сталыя і маленькія берасцейцы ўзялі ўдзел у цікавым майстар-класе па культурніцкім праектаванні. Удзельнікам было прапанавана паразважаць над тэмай “Горад, у якім мы жывем”, і, хоць і спрошчана, але па-даросламу прайсці ўсе этапы стварэння культурніцкага праекта:
“Папрактыкавацца ў адчуванні сваіх патрэбаў – гэта першы крок у любым праектаванні і для дарослых, а для маленькіх гараджан (ва ўзросце 10-15 гадоў) – яшчэ і магчымасць адчуць, што яны жывуць у сістэме, якая мусіць улічваць іх патрэбы ў камфорце і развіцці, і навучыцца даваць сваёй фантазіі неабходныя “карані”, – кажа рэгіянальны каардынатар кампаніі “Будзьма!” Кацярына Раманчык.
Таму для пачатку ўдзельнікі паспрабавалі “адчуць свае патрэбы”, вызначыць праблемы ў гарадскім асяроддзі Берасця ці, прасцей кажучы, адказаць на пытанне:
Што хацелася б змяніць у Берасці?
Вось некаторыя прапановы маленькіх гараджан:
– павялічыць колькасць якасна абсталяваных спартовых пляцовак;
– выхаваць культуру чысціні ў гараджан;
– пабудаваць метро, Макдональдс і аквапарк;
– вырашыць пытанне са стаянкамі для аўтамабіляў;
– стварыць гарадскую творчую пляцоўку;
– закласці новыя паркі і скверы і інш.
У большасці выпадкаў, чаго і варта было чакаць, дзеці і падлеткі пазбягалі “капанняў” у праблемах, а адразу прапаноўвалі гатовыя рашэнні. Часта гэтыя рашэнні былі “падгледжаныя” ў рэкламе і кіно: калі аквапарк як лідара хітпараду, па нашым досведзе працы з дзецьмі ў іншых гарадах, яшчэ можна зразумець, то Макдональдс у гэтым спісе – вынік экспансіі брэндаў у нашую свядомасць (і хай гэта натхніць усіх нас паразважаць, якімі абяцанымі перажываннямі Макдональдс так прываблівае дзяцей). Таксама тут бачнае непрыхаванае жаданне дзяцей бачыць свой горад больш прадстаўнічым, “сталічным”. Тым не менш, першае правіла для будучых сацыякультурных праектантаў наступнае: прапанавае гатовае рашэнне – гэта далёка не заўсёды рэальная патрэба.
Таму з прапанаваных удзельнікамі праблемаў супольна адабралі тры найбольш істотныя і, папярэдне падзяліўшы ўдзельнікаў на тры каманды, прыняліся за іх трансфармацыю ў мэты. А менавіта:
1 – павялічыць колькасць якасных спартыўных пляцовак;
2 – выхаваць культуру чысціні ў гараджан;
3 – стварэнне гарадской арт-пляцоўкі.
Спорт – гэта жыццё!
Праблемы няякаснага, часам небяспечнага абсталявання спартовых пляцовак у школах і ў горадзе, а таксама замалую працягласць веладарожак у Берасці былі вырашаныя за кошт іх аб’яднання і неабмежаванай фантазіі. Першая каманда, “Брэст”, прапанавала праект шматфункцыянальнага спартовага комплексу, дзе знайшлося б месца для ёгі, раварыстаў, футбалістаў, скалалазаў, скейтараў і нават для аматараў драфцінгу.
Пакармі цмока!
Зменшыць колькасць смецця на вуліцах, транспартных прыпынках, а таксама ў парках каманда самых маленькіх удзельнікаў, “Зубр”, прапанавала з дапамогай… звароту да псіхалогіі людзей і дызайну. І хоць ідэя не новая, а так скажам, пазычаная, адчувалася разуменне, з чаго варта пачынаць вырашэнне гарадскіх экалагічных праблем – з кожнага берасцейца асабіста. Каб выкідваць смецце было весялей, хлопчыкі прыдумалі сметніцы ў выглядзе цмокаў, якія на кожную паперку будуць адказваць аўтаматычным “Дзякуй!” і лазернай імітацыяй полымя. Сапраўды: і дарослым весялей, і дзетак прывучаць прасцей і цікавей!
Месца для творчасці і адпачынку
…прапанавала каманда “Крэпасць”. Тут музычная і танцавальная зоны, месца для літаратурных чытанняў і вялікіх канцэртаў, маляўнічыя зоны і бясплатны вай-фай.
Такім чынам сутыкнуліся дзве названыя ў пачатку патрэбы: неабходнасць у літаратурным (як потым высветлілася, творчым агулам) клубе, дзе кожны ахвочы мог бы паказаць, абмеркаваць мастацкія творы ўласныя, з нацыянальнай або сусветнай скарбонкі, і нікому непатрэбнае памяшканне закінутага завода ў межах гарадской рысы Берасця, ідэнтыфікаваць які дзеці не змаглі.
Майстар-клас паказаў, што нават дзеці і падлеткі бачаць шмат “зонаў для развіцця” ў гарадской прасторы. Творчым берасцейцам, прадпрымальнікам і мясцовай адміністрацыі ёсць сэнс звярнуць на іх увагу: тут ёсць і тэрміновыя задачы, і цікавыя бізнес-нішы. І спадзяемся, што ўдзельнікі сустрэчы ў будучыні, калі не рэалізуюць гэтыя задумы, відавочна патрэбныя гораду ўжо цяпер, то прынамсі часцей будуць прымаць не пазіцыю чакання зменаў звонку, а пазіцыю ўдзелу, уласнага фармавання пажаданай карціны. Часцей, чым мы.
Тэкст – Лізавета Неўмяржыцкая, Кацярына Раманчык
Фота – Аляксандр Tarantino Ждановіч