Творчыя імпрэзы з удзелам беларускіх паэтаў Міхася Скоблы і Юрася Пацюпы адбыліся 22 снежня ў старажытнай Гародні. На філалагічным факультэце Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Янкі Купалы ў межах кампаніі “Будзьма!” яны прэзентавалі публіцы свае новыя кнігі – анталогію беларускіх перакладаў “Галасы з-за небакраю” і паэтычны зборнік “Сабака”. Абедзве кнігі выйшлі ў мінскім выдавецтве “Лімарыус”.
Юрась Пацюпа пазнаёміў студэнтаў з іранічнымі вершамі сваёй постмадэрнісцкай кніжкі “Сабака”, а Міхась Скобла зачытаў урыўкі з перакладзеных ім твораў Галчынскага, Кастэнкі, Міцкевіча. Чынны ўдзел у арганізацыі сустрэчы ўзялі паэт, дацэнт кафедры польскай філалогіі Анатоль Брусевіч, прафэсар Павел Сцяцко, дацэнты Альбіна Семянчук, Ала Петрушкевіч ды інш. Напрыканцы імпрэзы сярод студэнтаў былі праведзеныя конкурсы на веданне беларускай літаратуры і гісторыі. Пераможцы атрымалі прызы ад кампаніі “Будзьма”.
Наступная сустрэча адбылася ў гарадзенскім ліцэі №1. Вітаў гасцей слынны краязнаўца, стваральнік багатага і цікавага школьнага музею Алесь Госцеў. Гаворка ішла пераважна пра постаць і паэзію выдатнага паэта-ліцвіна Адама Міцкевіча. Анатоль Брусевіч расказаў пра цікавыя факты з біяграфіі паэта, удакладніў шмат якіх спрэчных момантаў. Міхась Скобла распавёў пра гісторыю перакладу вядомай балады Адама Міцкевіча “Тры Будрысы”. Аказваецца, Аляксандр Пушкін, пераствараючы яе па-руску, скараціў дзве страфы. А Янка Купала, на думку Міхася Скоблы, перадаў дух арыгінала, але адступіўся ад літары, а замены знакавых словаў, зробленыя Купалам, перашкодзілі адэкватнаму ўспрыманню арыгінала. Прыкладам, у трэцяй страфе балады радок “Niech litewskie prowadzą was bogi” па волі перакладчыка прагучаў як “На вайне не шкадуйце ўспамогі”. Але вядома, з якой пашанай ужываў Міцкевіч словы Літва, ліцвін, літоўскі (у яго нават мядзведзь-ліцвін належыць да найвышэйшай мядзведжай касты). І апека літоўскіх багоў у Міцкевіча, зразумела, ёсць найбольшай ступенню абароны.
Апошняя сустрэча адбывалася ўвечары ў гарадзенскім Таварыстве беларускай школы. Апрача гасцей з Мінска ў ёй узялі ўдзел прафесар Аляксей Пяткевіч і гісторык Янка Траццяк. Гаворка ішла пра прэзентаваныя кнігі, малавядомыя старонкі айчыннага перакладу ды сучасны стан беларускай літаратуры.