Мінскія музыкі выступілі на цэнтральнай плошчы горада з беларускамоўнай праграмай
Пакуль у Азярцы грымеў фестываль “Камяніца”, буйны канцэрт альтэрнатыўнай музыкі праходзіў і ў Наваполацку. Сюды ў тым ліку запрасілі і мінскі гурт HandmadE, які выйшаў на сцэну ў будзьмаўскіх цішотках са Скарынам і выступіў цалкам па-беларуску.
Слухачам (іх было больш за тысячу) найбольш спадабалася тое, што на цішотках асаблівым чынам адзначана Полаччына (калі жыў Францішак Скарына, Наваполацка яшчэ не існавала, а так горад дакладна быў бы на цішотках падпісаны).
Як заўважыў арганізатар канцэрта Вадзім Дзевятоўскі, шоу ад невядомага ў Наваполацку гурта выклікала станоўчы рэзананс.
Канцэрт быў прысвечаны барацьбе з распаўсюджваннем наркотыкаў. На першы погляд гучыць банальна. Але менавіта Дзевятоўскі (дзейны дэпутат Палаты прадстаўнікоў) адным з першых падтрымаў наватарскія антынаркатычныя ініцыятывы і працягвае зацятую барацьбу з наркагандлем. Музыкі ж з HandmadE са сцэны згадалі памерлых ад наркотыкаў калег-музыкаў.
На шоу ў Наваполацку выступілі такія гурты, як Nizkiz (Магілёў) і Rostany (Мінск). А заезджых слухачоў не маглі не здзівіць некаторыя наваполацкія і полацкія бэнды (MDNFM, Brooklet, Forodwaith), якіх слаба ведаюць у тым жа Міснку, відаць, праз адсутнасць у нашай краіне паўнавартаснага музычнага рынку.
Фота – з сацыяльных сетак фатографа Яўгена Кормшчыкава і гурта HandmadE