4 траўня кампанія “Будзьма беларусамі!” сумесна з аддзелам ідэалогіі, культуры і па справах моладзі гарадскога выканаўчага камітэта правяла “Кірмаш праектаў”.
Гэтае супрацоўніцтва завязалася ў 2014 годзе. Тады ідэі гараджан, прэзентаваныя на Кірмашы, паспяхова дапоўнілі праграму Дня горада і Дня моладзі. Летні маркет “Барадулінкі”, фестываль актыўнага адпачынку “Свята ветру”, турнір па футбольным фрыстайле “Вежа”, Першая агульнагарадская фотасушка, “Спеўны сход”, вулічныя майстар-класы па танцах – гэтыя падзеі ўзбагацілі афішу Віцебска. Агулам за ўвесь час месцічы прадставілі больш за 20 ідэй.
“Праекты, якія сёння пад’ёмныя, мы рэалізуем у рамках свята горада альбо цягам года”, – выказала сур’ёзныя намеры і на сёлетні Кірмаш загадчыца аддзела культуры Наталля Шыёнак.
Такога няма нідзе
“Таксафоны выйшлі з ужытку. Мы прапануем не дэмантаваць іх, а зрабіць знакавымі”, – выступіла першая ўдзельніца Наталля Дагіль. Праект “Крэатыўны таксафон” яна зрабіла разам з Аляксандрам Канашонкам.
У Віцебску 187 таксафонаў. Па словах аўтараў праекта, сёння імі карыстаюцца толькі вайскоўцы і хто-ніхто з турыстаў. Рэлікт навукова-тэхнічнага прагрэсу Наталля і Аляксандр хацелі б ператварыць у арт-аб’екты. Можа, не ўсе, але прынамсі тыя, што ў цэнтральнай частцы горада і ўздоўж пешаходных вуліц. Маладыя людзі паказалі прыклады з Пярмі і Сан-Паўлу, а ў Беларусі такога яшчэ не было!
“Ёсць эскізы, ідэі, рукі. Патрэбна: дазвол ад аблвыканкама і Белтэлекама, партнёры і спонсары, матэрыялы, валанцёры”, – падсумаваў Аляксандр.
“Усё роўна не будуць карыстацца таксафонам. Што калі змяніць ягоную функцыю? Падыходзіць турыст, набірае код – чуе гісторыю Віцебска”, – з’явіўся голас з залы.
Гэта была не адзіная крытычная рэпліка:
“А калі ў Белтэлекама планы іх дэмантаваць? Можа, расфарбаваць тое, што застанецца? Прыпынкі, напрыклад”, – прапанавала спадарыня.
Яшчэ адна спрэчка ўзнікла вакол магчымага фінансавання. Аўтарам праекта параілі шукаць зацікаўленых сярод мясцовага бізнесу. Наталля і Аляксандр адрэагавалі насцярожана: раптам спонсар паставіць умовы расфарбоўваць так, як хоча ён?
“Мне сёння прыемна чуць, што моладзь ставіць якасць і эстэтыку вышэй за інтарэсы рэкламадаўца”, – заўважыла Наталля Шыёнак.
Андрэй Духоўнікаў з Цэнтра сучаснага мастацтва таксама ацаніў смеласць пары і запрасіў да сябе:
“Мне падабаюцца такія радыкалы! Нам не трэба рэкламы! Мы можам прапанаваць сціплы ўдзел Цэнтра сучаснага мастацтва”, – сказаў ён.
Наступны праект падобны да “Крэатыўнага таксафона”: ён таксама мае на мэце ўпрыгожыць гарадскую архітэктуру і шукае такія самыя рэсурсы (дазволы, фарбы, мастакі, спонсары).
“Колер 28” будучага дызайнера Кацярыны Дарожка прадугледжвае перафарбоўку ў сіні колер сцяны дома па Леніна, 28.
“Фраза “сустрэнемся каля Сіняга дома” добра знаёмая многім, хто нарадзіўся ў Віцебску. Сіні дом павінен быць не толькі на вядомай карціне Шагала, але і ўласна на вуліцы”, – кажа Кацярына.
Вярнуць аўтэнтычны колер, захаваць народны тапонім, уключыць у экскурсію, падняць настрой – такія задачы ставіць дзяўчына.
У працэсе абмеркавання высветлілася, што раней віцябляне сабралі больш за 1000 подпісаў за сіні колер і падалі петыцыю.
“Чым гэта скончылася?” – спыталася каардынатар конкурсу сацыяльных праектаў “Social Weekend” Валерыя Ваўкагонава.
“Ну… як і ўсе петыцыі. Нічым”, – пад усмешкі прысутных адказала Каця.
Наталля Шыёнак заўважыла, што “Закон аб зваротах грамадзян” ніхто не адмяняў. Аўтарам петыцыі мусілі даць адказ, у адваротным выпадку адпаведны чыноўнік за гэта адказваў бы.
Спаўняецца 420 гадоў з часу надання Віцебску Магдэбургскага права. Праект на гэтую тэму прадставіў Віктар Барысенкаў. Ён зрабіў фотарэканструкцыю знакавых будынкаў акурат на перыяд, калі горад атрымаў самакіраванне: Ратуша, Успенская царква, Базыльянскі манастыр, Фарны касцёл. Агулам 20 аб’ектаў.
Вулічную выставу “Віцебск: дыялог стагоддзяў” аўтар праекта хацеў бы размясціць на пешаходнай частцы вуліцы Суворава.
“Па традыцыі прапаную дворык на Талстога, 7 – найлепшае месца ў горадзе!” – жвава ўключыўся Андрэй Духоўнікаў.
Валерыя Ваўкагонава выказала меркаванне, што праектам мусіў бы зацікавіцца горад і параіла ісці наўпрост да ўладаў. Галоўны спецыяліст абласнога аддзела культуры Дзяніс Юрчак пацвердзіў актуальнасць ідэі:
“Сёння быў міжведамасны савет па развіцці турызму. Хацелася б штосьці больш сталае за выставу. Ёсць спецфонд прэзідэнта па падтрымцы культуры. Туды можна падаць на грант”.
“Калі вы вырашыце, што вам патрэбны спонсар, які надрукуе, мы гатовы”, – адклікнулася Вольга Цімашэнка з копі-цэнтра “Колер”.
У каментары для budzma.by яна патлумачыла, што падтрымала ідэю, бо, па-першае сама чалавек рэлігійны, па-другое, нядаўна ў сеціве ёй трапілася фота ўзарванай царквы на плошчы Свабоды, і на Кірмашы яна ўбачыла гэтую выяву і яе аўтара.
“Я люблю Віцебск”: для мясцовых і турыстаў
Вольга Бізікава хацела б павысіць пазнавальнасць горада ў сетках. Яна прапанавала інсталяцыю “Я люблю В”, як у многіх гарадах.
Гэта магла б быць добрая праца для студэнтаў-дызайнераў: эскіз як патрыятычнае самавыяўленне маладых творцаў, да таго ж і каштаваць нічога не будзе.
Яшчэ адна радасць для турыста – мапа Віцебска.
Кірыл Сачанкоў і Таццяна Аліпчыкава ўжо яе намалявалі і надрукавалі пару пілотных асобнікаў. Яны хацелі б выдаць 7000 штук на рускай, беларускай і ангельскай мовах менавіта на паперы.
“Не мабільны дадатак, калі няма інтэрнэту, не гайд, калі няма часу чытаць”, – патлумачыла задуму Таццяна.
“Мапаў ніколі не будзе мала”, – заўважыў Дзяніс Юрчак. Мабыць, ён мае рацыю, бо ў мінулым годзе Віцебскую вобласць наведалі 250 тысяч чалавек. І гэта толькі афіцыйныя дадзеныя.
Віцебск – горад чытання, мастацтва, навукі і чыстых лесапаркаў
Праект Вікторыі Падрэз з рамантычная назвай “Галава ў аблоках” прадугледжвае цэлы шэраг актыўнасцяў: кніжныя падборкі і абмеркаванні, паэтычныя чытанні, кніжныя фэсты для дзяцей і дарослых, курсы татальнага дыктанта, публічныя чытанні з ліста.
Дэ-факта на гэта нават і грошы не патрэбныя. Аўтарка шукае месца, каманду, журы-філолагаў, каб ацэньвалі паэтычныя чытанні.
“З пералічанага мы як мінімум 4 пункты ўжо спрабавалі. Не аказалася сталага арганізатара, які гэта вёў бы. Мы будзем радыя супрацоўніцтву, – адазвалася гаспадыня лофта VZAP Іна Багінская.
Зацікавілася і дырэктарка абласной бібліятэкі Таццяна Адамян.
“Мы рабілі квэст. У нас таксама ёсць і планы, і рэалізаваныя ідэі. Што да месца, мы гатовыя супрацоўнічаць, калі арганізатар будзе працаваць. Ёсць гэтая зала. Калі мы працягнем рамонт, плануем на 2 паверсе каворкінг-цэнтр”, – уразіла размахам планаў спадарыня Таццяна.
“Арт-майстэрня” Мікіты Вяжэвіча і Марыі пакліканая ўмацаваць імідж горада як сталіцы мастацтва і стварыць яшчэ адну прастору для творчага самавыяўлення гараджан.
“У мастацкай школе дорага ці сумна. Мы прапануем заняткі ў інтэрактыўнай форме ў памяшканні ці на прыродзе,” – патлумачыў Мікіта.
З залы пачуліся скептычныя заўвага наконт унікальнасці ідэі, але аўтары праекта ўпэўнена адстаялі пазіцыю:
“Школа Малевіча – цэннік 139 рублёў троху палохае”, – адказаў Мікіта.
Калі аўтары праекта “Навуковы марафон у Віцебску” Паліна Кройтар і каманда “Навука па-за сабой” рэалізуюць сваю ідэі, неабходнасць ехаць у Варшаву ў вядомы Цэнтр Каперніка знікне.
Навуковае кафэ, малекулярная кухня, лекцыі, віктарыны, тратуарная астраномія – такія актыўнасці прапануе праект.
“Папулярызацыя навукі – гэта спосаб наладзіць кантакт паміж навукай і людзьмі. Гэта заўжды цікавыя тэмы простай мовай і магчымасць атрымаць веды па-за школай ці ўніверам”, – абгрунтавала актуальнасць Паліна.
У “навуковым” праекце ўжо ёсць 6 чалавек, патрэбныя валанцёры. Таксама Паліна шукае падтрымку ўніверсітэтаў, бо пакуль што з імі непасрэднага кантакту няма.
З залы чуваць асцярога, што людзі на такое не будуць хадзіць. Годны адказ дала дырэктар навукова-тэхнічнай бібліятэкі, дзе ўжо праводзіліся навукова-папулярныя лекцыі.
“Калі мне прапанавалі гэты праект, я захапілася. На лекцыі пачалі прыходзіць 40, 60, 115… Цалкам розныя людзі! На лекцыі па астраноміі была чарга да тэлескопа. Людзі ў чарзе па веды!” – распавяла дырэктарка.
Лесапарк “Юр’ева горка” на захадзе Віцебска мае плошчу 22 га і… кучу смецця. Анастасія Балотнікава паказала сумныя фота забруджанай зялёнай зоны. Дзяўчына прапанавала праводзіць там прыборкі, усталяваць таблічкі і сметніцы.
Вакол ідэі Анастасіі разгарнулася цэлая дыскусія. З залы нават прапанавалі адшукаць і пакараць уласніка “Юр’евай горкі”. Але віцебляне канструктыўныя і крэатыўныя: нават на месцы смецця яны ствараюць творчую прастору.
Журналістка з абласной газеты “Віцебскія весці” сказала, што ў рэдакцыю часта тэлефануюць і просяць напісаць, каб вывезлі смецце каля пад’езда, замест таго каб прыбраць самім.
“Мы можам выехаць і напісаць. Трэба ўрэшце мяняць свядомасць людзей”, – сказала журналіст.
“Як чалавек, які ведае Юр’еву горку з 6 гадоў, я супраць таблічак, бо ведаю, дзе яны апынуцца. Людзям не будзе дзе пасмажыць шашлык – пад руку пойдзе ўсё. Варта паставіць фотапасткі, а пасля ў “Віцебскія весці”, – Дзяніс Юрчак сказаў гэта нібы жартам, але публіцы ідэя спадабалася.
Пры канцы “Кірмашу праектаў” прайшло традыцыйнае галасаванне, каментары ў анкетах, чаканне вынікаў конкурсу. Хоць многія ідэі маюць усё неабходнае, каб рэалізавацца ўжо цяпер. Як падсумавала Валерыя Ваўкагонава, сённяшняя зала – найлепшае рэсурснае месца аўтараў усіх праектаў.
Хрысціна Марчук
Фота: Аляксандр Кісялёў