Уганароўваць бібліятэкі імёнамі выдатных беларускіх літаратараў − даўняя і вельмі харошая традыцыя. Раённая дзіцячая бібліятэка ў горадзе Чашнікі носіць імя Янкі Журбы (1881−1964), аб чым сведчыць самавіты валун з памятнай шыльдай. Паэт нарадзіўся ў гэтых маляўнічых мясцінах, свае першыя вершы надрукаваў у газеце “Наша Ніва”. Для юных чытачоў ён выдаў паэтычныя зборнікі “Ластаўкі” (1950), “Сонечная раніца”, “Светлыя дні” (1959).
У сярэдзіне траўня ў Чашнікі ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” завітаў Уладзімір Ягоўдзік. Менавіта ў бібліятэцы імя Янкі Журбы адбылася прэзентацыя яго новай кнігі “Прыродны азбукоўнік”, што ўбачыла свет у выдавецтве “Народная асвета”.
У сустрэчы бралі ўдзел вучні малодшых класаў СШ № 1. Пісьменнік увачавідкі пераканаўся: яны добра ведаюць назвы птушак, ягад і грыбоў, народныя прымаўкі і загадкі, а самае галоўнае −ахвотна чытаюць беларускую кнігу.
Яшчэ адна сустрэча прайшла ў бібліятэцы аграгарадка Чырвоная Раніца, на якой прысутнічалі школьнікі Пачаевіцкай сярэдняй школы. А галоўнай тэмай размовы была гісторыя роднага краю. Чашніцкая зямля зведала шмат незабыўных падзей (Ульская бітва 1564 г., калі ваяры Вялікага Княства Літоўскага ўшчэнт разграмілі палкі маскоўскага цара Івана Жахлівага; Чашніцкі бой 1812 г. паміж рускім войскам і корпусамі французкіх маршалаў Удзіно і Віктора).
Напрыканцы гаворкі прысутныя пагадзіліся: трэба ведаць сваю гісторыю і шанаваць роднае слова, каб смялей глядзець у заўтрашні дзень.