Музыкі з “Drum Ecstasy” “адбарабанілі” свой сольны канцэрт на пляцоўцы мінскага клубу “Гудвін” 2 красавіка. Тры ўдарнікі і бас-гітарыст, шумы электрапіл і дрылі, хвалі шчыльнага гуку і бясконцы ўпарадкаваны рытм барабанаў – беларускі нефарматны “Барабанны экстаз” быў “ва ўдары” ўва ўсіх сэнсах гэтага слова..
Непасрэдны арганізатар канцэрту – Павел Кашырын, былы арт-дырэктар клубу “Graffiti”, аўтар шматлікіх альтэрнатыўных канцэртаў і вечарынак. Падтрымку ў рэалізацыі мерапрыемства аказалі “Еўрапейскае радыё для Беларусі”, культурніцкая кампанія “Будзьма!” і інтэрнэт-партал TUT.BY.
Сам характар імпрэзы можна акрэсліць жартаўлівым папярэджаннем Паўла Кашырына перад пачаткам імпрэзы “быць асцярожнымі”. Як апынулася пасля, яно было справядлівым. З-пад інструментаў музыкаў нараджалася магутная гукавая хваля, моц якой адчувалася амаль фізічна. Такая музыка ёсць сапраўдным выклікам публіцы, бо толькі падрыхтаваны і дасведчаны ў музычным плане слухач можа атрымаць асалоду ад падобнага інструментальнага ціску.
Аматараў беларускага барабаннага андэграўнду сабралася поўная заля. Праўда, пасля антракту месца паболела, і ахвотныя да больш актыўнага праяўлення сваёй любові да музыкаў атрымалі для гэтага больш магчымасцяў і прасторы.
Прадукт, які робяць музыкі з “Drum Ecstasy”, ужо змагла ацаніць як беларуская публіка, так і замежныя слухачы. Гурт выступаў на такіх вядомых замежных фестывалях, як “Крылья”, “SKIF”(Санкт-Пецярбург), Shine Festival (Галандыя). З турамі музыкі аб’ездзілі Бельгію, Галандыю, Італію. І кожны раз іх выступы, будзь гэта за мяжой альбо на Радзіме, адрозніваюцца арыгінальнасцю, прадуманасцю імправізацыяў і эмоцыямі, “якія выяўляюцца то рытмам, то гукам, то шумам, то чымсьці яшчэ”.