Шчыра сустракалі вучні і настаўнікі Казлоўшчынскай сярэдняй школы Дзятлаўскага раёна ў пятніцу, 24 лістапада, гасцей – мінскага барда і журналіста Змітра Бартосіка, пісьменніка, гісторыка і краязнаўцу Сяргея Чыгрына са Слоніма і былога педагога і грамадскага актывіста з Дзятлава Валерыя Петрыкевіча.
Сустрэча была прымеркавана да 500-х угодкаў беларускага кнігадрукавання. Таму падчас выступлення ішла гутарка пра кнігу, пра пісьменнікаў, пра мясцовых літаратараў. Сяргей Чыгрын распавёў пра літаратурную Дзятлаўшчыну, у прыватнасці, прыгадаў паэта, журналіста, выдаўца і беларускага грамадскага актывіста з Канады Сяргея Хмару (1905-1992), які быў родам з вёскі Казлоўшчына. Сяргей Хмара ў 1939 годзе ў Вільні выдаў свой першы паэтычны зборнік “Жураўліным шляхам”. На эміграцыі выдаваў часопіс “Баявая Ўскалось” і газету “Беларускі голас”. З вёскі Казлоўшчына быў родам і яшчэ адзін заходнебеларускі паэт Язэп Крыга, які пісаў добрыя вершы і да Другой сусветнай вайны друкаваўся ў віленскіх беларускіх часопісах. Падчас вайны яго разам з сям’ёй расстралялі гітлераўцы.
Валерый Петрыкевіч распавёў вучняў пра гісторыю беларускага кнігадрукавання, а Зміцер Бартосік радаваў прысутных добрымі песнямі.
У гэты самы дзень адбылася другая сустрэча Сяргея Чыгрына і Змітра Бартосіка ў Слонімскай раённай бібліятэцы імя Якуба Коласа, дзе ўрачыста адкрылі музейны пакой Алега Лойкі (1931-2008) – доктара філалагічных навук, прафесара, члена-карэспандэнта Нацыянальнай Акадэміі Навук, пісьменніка, навукоўца і перакладчыка, былога дэкана філалагічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта. Сяргей Чыгрын распавёў пра творчы шлях Алега Лойкі, а Зміцер Бартосік спяваў песні, якія некалі любіў слонімскі паэт.