– З мелодыямі Айчыны не скоцімся ў лагчыны! – менавіта так казалі на лявонпальска – мілашоўскім вяселлі летам 1969 года. І далучалі: –Радзіму-песню маем, і слых свой не губляем!
Амаль што праз 50 год жыхары вёскі Лявонпаль і яе наваколляў зноў пачулі знаёмыя сэрцу песні і найгрышы.
4 верасня ў межах праекта “Мілашоўска-Мілашаўскія чытанні” аб 11.00 у касцёле Маці Божай Шкаплернай в. Мілашова (Віцебская вобл., Мёрскі р-н) адбыўся ўрачысты канцэрт і прэзентацыя музычнага кампакт-дыску “Песні і найгрышы вяселля вёскі Лявонпаль і яе наваколляў у запісах Сяргея Панізніка 1968-1969 гадоў”. Імпрэза адбылася ў рамках кампаніі “Будзьма беларусамі!”.
Кружэлка складаецца з вясельных песень і найгрышаў, якія былі запісаныя ў экспедыцыях беларускім паэтам і краязнаўцам Сяргеям Панізнікам у Мёрскім раёне Віцебскай вобласці (вёскі Лявонпаль, Бабышкі, Даўгінава). Гэтыя песні спявалі больш за паўстагоддзя таму, з імі святкавалі вяселлі, іх перадавалі з вуснаў у вусны.
Дыск з’яўляецца ўнікальным, таму што частка песень была запісана ў аўтэнтычных умовах на сапраўдным вяселлі Яўгеніі Шадурскай і Франца Адамовіча, якое адбывалася ў Лявонпалі 18-19 жніўня 1969 года.
На канцэрце выступілі Сяржук Доўгушаў, музыка, выдавец дыска, этнограф Ларыса Мятлеўская, спявачка Юлія Літвінава і полацкі гурт “Варган”.
Арганізатарам і вядучай імпрэзы была аўтар праекта “Мілашоўска-Мілашаўскія чытанні” Алена Масла.
Гасцямі прэзентацыі, сярод астатніх ахвотных, былі і ўдзельнікі таго самага лявонпальскага вяселля і найважнейшы госць – та самая маладая Яўгенія Сяргееўна Шадурская.
«Вы зноў падарылі мне cустрэчу з маладосцю», – казала пані Яўгенія.
Пасля прэзентацыі дыска на сядзібе мілашоўца Стэфана Масла адбылося адкрыццё мастацкай галерэі “Пуня”, дзе быў зладжаны вернісаж прац мастачак Аксаны Аракчэеваі і Крысціны Пержуковай.
Пасьпішайся, Жэнічка, пасьпішайся, малада:
Там цібе й дажадаюць, касьцёлы атмыкаюць,
Касьцёлы атмыкаюць, стулою ручкі зьвяжуць.
Стулою ручкі зьвяжуць, шчырую праўду скажуць…
Другая частка прэзентацыі адбылася aб 18.00 на радзіме паэта Сяргея Панізніка у вёскі Лявонпаль.
У мясцовым клубе (каля той самай хаты, дзе адбывалася вяселле 1969 г.) сабралася большая частка жыхароў. Вёў прамову Уладзімір Пучынскі, намеснік галоўнага рэдактара “Краязнаўчай газеты” (таксама ўрэджэнец вёскі).
Адбыўся канцэрт па матывах вясельнага дыска, а пасля полацкі гурт “Варган” зладзілі сапраўдны танцавальны сэт. І маладыя, і старыя пусціліся ў скокі пад знаёмыя танцы: кракавяк, польку, падыспань, вальс.
“Што яшчэ запомнілася з лявональска-мілашоўскага вяселля, так гэта жартаўлівы абрад “лаўкі ламаць”. А праходзіў ён так: калі заканчвалася вяселле ў маладога, то госці маладой перш чым падзякаваць і развітацца, станавіліся нагамі на лаўку і пачыналі гушкацца. Гэтая гульня была нібыта для таго, каб пакалыхаць і “узважыць сваццю”, а магчыма для таго, каб запярэчыць на будучыню, што на гэтых лаўках малады ніколі не зможа спраўляць новага вяселля”. (З успамінаў Сяргея Панізніка)