17 сакавіка ў музеі-сядзібе “Пружанскі палацык” прайшла
прэзентацыя перакладаў твораў Юзафа Ігнацага Крашэўскага (1812—1887) – празаіка, літаратуразнаўцы, філосафа, публіцыста, гісторыка, мастака, кампазітара, грамадскага дзеяча… Крашэўскі быў узгадаваны на Пружаншчыне, у маёнтку Доўгае, а вучыўся ў Свіслацкай гімназіі і ў Віленскім універсітэце. Творчая спадчыне яго не можа не ўражваць: яму належаць больш за 600 (!) тамоў твораў, прычым больш за траціну з іх – гэта раманы, аповесці, навуковыя працы па гісторыі, філасофіі, літаратуразнаўстве…
“Пружанскі палацык” быў рады вітаць усіх, хто прыйшоў на сустрэчу з творчасцю слыннага земляка, а распачаў імпрэзу струнны калектыў выкладчыкаў Дзіцячай школы мастацтваў імя Рыгора Шырмы “Аркі” пад кіраўніцтвам Вольгі Барысюк.
У музейнай зале сабралася шмат людзей, якія ведаюць і цікавяцца творчасцю Крашэўскага – тытана ХІХ стагоддзя, а яго ўплыў на грамадска-культурнае і навуковае жыццё тагачаснай Еўропы не паддаецца лічбаваму вызначэнню, чалавека, якога можна паставіць у адзін рад з такімі значнымі асобамі нашай гісторыі як браты Тышкевічы, Міхаіл Баброўскі, Адам Кіркор, Ян Чачот і іншыя.
Пяць гадоў таму ў сувязі з 200-гадовым юбілеем ладзілася шмат разнастайных мерапрыемстваў, прысвечаных славутай асобе. Нягледзячы на тое, што ў 2017-м такой маштабнасці падзей няма, тым не менш, праца ў накірунку даследаванняў і сбору матэрыялаў працягваецца.
Трэба адзначыць, што крапатлівую і пастаянную работу ў гэтым накірунку вядзе Пружанскі музей. Гэтая работа найчасцей нябачная, але яна дае магчымасць сабраць і захававаць шмат матэрыялаў і сведчанняў аб Крашэўскім і яго сям’і.
Значную дапамогу ў гэтым, своеасаблівы штуршок для працы, быў нададзены ў 2003 годзе, калі музей Ю.І. Крашэўскага ў Раманаве з Польшчы па ініцыятыве яго тагачаснага дырэктара Ганны Чабадзінскай-Пшыбыслаўскай, передаў “Палацыку” больш за 130 копій фотаздымкаў і дакументаў, малюнкаў і карцін. З таго часу колькасць прадметаў, якія захоўваюцца ў “Пружанскім палацыку”, значна ўзрасла. У 2015 годзе нават была выдзелена асобная мемарыяльная калекцыя, прысвечаная Крашэўскаму. Сёння яна налічвае 375 адзінак, з якіх 213 – гэта асноўны фонд. Сярод найбольш цікавых экспанатаў – прыжыццёвыя выданні кніг Крашэўскага – “Сакрэт пана Чурылы” (Варшава, 1877 г.) і “Стах з Конар” (Кракаў, 1879 г.), два арыгінальныя памятныя медалí ў гонар 50-годдзя літаратурнай творчасці Крашэўскага 1879 года, а таксама шмат іншых рэчаў, якія можна пабачыць на выставе, прысвечанай жыццю і творчасці Ю.І. Крашэўскага. Аб значнасці асобы, мнагаграннасці дзейнасці Крашэўскага распавядаў чалавек, які шмат гадоў займаецца даследаваннем яго спадчыны – Ганна Чабадзінская-Пшыбыслаўская.
Да сённяшняга дня творы Крашэўскага не страцілі сваёй папулярнасці. Яны пастаянна перавыдаюцца на польскай мове. Многія яшчэ ў канцы ХІХ стагоддзя былі пераклададзены на рускую мову, і таксама выходзяць з друку ў наш час. У апошнія гады з’явіўся шэраг перакладаў твораў Крашэўскага на беларускую мову. Падрабязней аб гэтым, як і наогул, аб становішчы ў беларускай літаратуры расказаў сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў, выдавец Уладзімір Мікалаевіч Сіўчыкаў. Найбольш падрабязна спыніўся ён на папулярнай серыі айчыннай класікі “Мая беларуская кніга”, якая налічвае ўжо больш за 50 тамоў.
У чым жа сакрэт папулярнасці твораў Крашэўскага? Што прываблівае да яго твораў сёння? На гэтыя пытанні быў запрошаны адказаць літаратуразнаўца, кандыдат філалагічных навук, перакладчык Міхаіл Паўлавіч Кенька. У ягоным творчым даробку і чатыры перакладзеныя творы Юзафа Ігнацага Крашэўскага, але найпадрабязней спыніўся ён на самым беларусацэнтрычным з іх, на рамане “Кароль у Нясвіжы. 1784”. Ён адзначыў таксама, што да перакладаў твораў Крашэўскага звяртаўся і ўраджэнец пружанскай зямлі Васіль Сёмуха.
У 2012 годзе выйшла паэма Крашэўскага “Вёска”, пераклад якой на родную мову зрабіў паэт Мікола Папека з вёскі Лінова. Ён гэтаксама падзяліўся вопытам судакранання да творчай спадчыны свайго вялікага земляка.
Удзел у імпрэзе бралі і госці з Брэста — даследчык, журналіст Руслана Мікалаеўна Гусева, кандыдат педагагічных навук, прафесар Марыя Пятроўна Жыгалава, паэтка Любоў Красеўская і празаік Яўген Бяласін.
На заканчэнне госці агледзелі музейную экспазіцыю, пачэснае месца ў якой заняў новаствораны барэльеф (таніраваны гіпс) Ю.І.Крашэўскага разца славутага мэтра Івана Міско, пабывалі пры гранітным памятным знаку ў гонар вялікага сына пружанскай зямлі.
Раіса Шастак
17 сакавіка 2017 г.