30 траўня ў маладзечанскім Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі “Маладзік” прайшоў першы раўнд прэзентацый Кірмашу праектаў для Міншчыны.
Першы выступоўца — Ігар Ярковіч з гарадскога пасёлка Ратамка. Ягоны праект яшчэ раз пацвярджае думку пра тое, што часта актывістам-пачаткоўцам бракуе не грошай, а простай прафесійнай парады і ацэнкі. Апантаны велавандроўкамі Ігар марыць пра “Сядзібу ровара альбо сядзібу Ра” — так называецца ягоны праект.
“Кірмаш праектаў” для Міншчыны: “Сядзіба ровара”
Ад цесця яму дастаўся дом у самым высокім пункце Ратамкі, літаральна за сто метраў ад чыгуначнага пераезда. Пяць пакояў для гасцей, мансарда, лазня, месца для намётаў, сто квадратных метраў у піўніцы, якія гаспадар прыстасаваў пад канферэнц-зал.
— Мы робім пляцоўку для пазітыву. Веларамонт і правядзенне некамерцыйных мерапрыемстваў, — кажа Ігар.
Аказалася, што ён натхніўся роварным маршрутам Eurovelo (Eurovelo.by) з Дубліна да Масквы, які ляжыць праз Ратамку. Цяпер Ігар Ярковіч стварае месца, дзе любы раварыст мог бы знайсці начлег, адпачынак і веларамонт.
— Я сам раблю капусту ў бочках, сок і буду частаваць гэтым людзей, — смачна расказвае Ігар.
Па сутнасці, Ігар не патрабуе нічога, акрамя юрыдычнай і інфармацыйнай падтрымкі. Нават з будучым вонкавым аздабленнем сядзібы і камерамі відэаназірання ён можа даць рады сваімі сіламі. Дарэчы, Ігар ужо знайшоў падтрымку ў “Мінскім роварным таварыстве”.
— Каб праект быў устойлівы, важна, каб ён фінасаваўся. Навошта прымаць раварыстаў “за так”, калі будзе якасная паслуга? Я звяду вас з Клубам сацыяльнага прадпрымальніцтва, бо тое, пра вы кажаце, — гэта бізнес, хоць і з выразным сацыяльным эфектам, — пракаментавала экспертка, кансультантка Міжнароднай арганізацыі “Pact” Юнэля Сальнікава.
Наступны праект вельмі ўразіў публіку, бо паказаў, што ў Маладзечне вырасла пакаленне моцных менеджараў, якія глядзяць на горад урбаністычна і сістэмна думаюць пра ягонае развіццё. Валяніца Сідоркіна і Ганна Холад прадставілі ідэю “Molo.map — стварэнне крэатыўнай мапы”. Калі яе рэалізуюць, то Маладзечна чакае нежартоўная культурная рэвалюцыя.
У камандзе праекта — з дзясятак маладых і адукаваных, якія скончылі ўніверсітэты ў Мінску і Вільні і вярнуліся жыць на малую радзіму. Стэндапы, паблік “Барахолка Маладзечна”, “Признания Молодечно”, адукацыйны цэнтр “Адкрытая прастора”, іншыя івэнты — усе гэта маладыя людзі ўжо паспяхова прайшлі і прыдумалі штуку, якая звязала б падзеі, месцы і жыхароў у адно.
“Кірмаш праектаў” для Міншчыны: “Molo.map”
На будучай “Molo.map” пазначаць усе фармальныя і нефармальныя месцы, любімыя маладзечанцамі. Каштоўна, што аўтары праекта спачатку збіраюцца правесці апытанне мясцовых жыхароў, каб высветліць, якія месцы варта ўключыць у мапу (спытаюцца нават пра ўлюбёныя месцы для сэлфі), а таксама сабраць інфармацыю пра тое, чаго не хапае ў Маладзечне, то бок зрабіць зрэз патрэбаў.
— Мы хацелі б, каб жыхары па-іншаму паглядзелі на горад і сталі ўдзельнікамі гарадскіх змен, — кажа Валянціна Сідоркіна.
Пасля збору прапановаў ад маладзенчанцаў аўтары праекта пагавораць з установамі і арганізацыямі: іх прапановы таксама маюць быць увекавечанымі ў мапе. Калі сваіх крэатыўных ідэй там не знойдзецца, ім прапануюць рэалізаваць штосьці з патрэбаў гараджан (напрыклад, кавярню, куды можна прыходзіць з катамі). Апошнія этапы рэалізацыі праекта: стварэнне анлайн- і афлайн-мапы ды іх прэзентацыя. На ўсё патрэбны бюджэт, каманда з неабходнымі кампетэнцыямі ўжо ёсць.
Юнэля Сальнікава параіла ўсё ж для пачатку зрабіць пілотны выпуск мапы, каб шукаць рэсурсы на яе было прасцей, а яшчэ падумаць, як можна было б інтэграваць у мапу афішу: так будзе больш нагодаў зазіраць у “Molo.map”.
Аўтары краязнаўчага інтэрнэт-праекта “Маладзечанскі край у прасторы і часе” таксама будуць рабіць карты. Настаўнік геаграфіі Юрый Мяцельскі разам з 10-класніцай Палінай (яны прыехалі з вёскі Палачаны Маладзечанскага раёна) ведаюць усё самае цікавае ў ваколіцах горада.
“Кірмаш праектаў” для Міншчыны: Краязнаўчы праект
Іх ідэя прымеркаваная да Года малой радзімы і мае на мэце падтрымаць “вобраз Маладзечаншчыны праз экскурсіі”. Паліна расказала, што праект патрэбны жыхарам раёна і выхадцам з яго, у тым ліку людзям з абмежаванымі магчымасцямі. Энтузіясты-школьнікі пад кіраўніцтвам спадара Юрыя стварылі маршруты для вандровак, сцэнары экскурсій і нават інтэлектуальную гульню — усё пра родны раён.
— Ну давайце з вамі пагуляем. Дзе знаходзіцца “Максімава крынічка”? — Паліна дэманструе фрагмент гульні.
— Ракуцёўшчына! У мяне там бабуля жыла. Расказвала, што Максіма Багдановіч быў … бабнікам, — нехта адказаў з залы.
У 1911 годзе класік адпачываў у вёсцы Ракуцёўшчына і, відаць, пакінуў па сабе жывую памяць. Як там было насамрэч, цяпер дакладна сцвярджаць цяжка, аднак калі там да сёння ходзяць легенды, праект настаўніка і школьнікаў з Палачанаў больш чым актуальны. Аўтары ідэі хацелі б зрабіць яшчэ маршруты для рэлігійнага і ваеннага турызму раёна, вандроўку па аграсядзібах Маладзечаншчыны, выдаць віртуальны даведнік, стварыць кругавыя панарамы, аўдыёгіды, буклеты да маршрутаў. Яны шукаюць аднадумцаў, а яшчэ відэакамеру, прынтар, сканер, праектар.
— Я магу перадаць вам старыя польскія, нямецкія карты Маладзечанскага раёна, — кажа ўдзельнік Кірмашу праектаў і знаны архітэктар Зміцер Мурашка.
— Вам варта прапанаваць маршруты дзяржаўным турфірмам. Да іх паслугаў звяртаюцца прафсаюзы, Гэта пашырыць аўдыторыю праекта, — раіць экспертка, музыка гурта “Стары Ольса” Марыя Шарый.
Некаторы час зала абмяркоўвае, ці варта ў наш высокатэхналагічны час выдаваць папяровыя брашуры і карты, аднак Зміцер Мурашка пераканаў усіх, што ў вёсцы друкаваная прадукцыя ўсё яшчэ запатрабаваная. Юнэля Сальнікава падвяла рысу пад дыскусіяй: “Змест ужо ёсць, яго варта спакаваць у прыгожую вокладку, запрасіўшы дызайнера і фатографа”.
Наступная выступоўца, мінчанка Вольга Сямашка з праектам “На “панскіх могілках” Плябані”, не патрабуе асаблівых прадстаўленняў. Юрыстку добра ведаюць па ініцыятыве аховы могілак. Яна шмат гадоў займаецца прыборкай і пашпартызацыяй некропаляў у розных кутках Беларусі. Колькі гадоў таму Вольга арганізавала валанцёрскі летнік на могілках вёскі Плябань Маладзечанскага раёна, пасябравала з тамтэйшым Цэнтрам традыцыйнай культуры і побыту, і так і закруцілася. Касцёл вёскі Плябань у 1863—1864 гадах быў неафіцыйным “штабам” інсургентаў: тут яны лячыліся і перахоўвалі зброю, а яшчэ ёсць магіла паўстанцаў, якой апякуюцца актывісты. Двойчы на год у Плябані адбываюцца мемарыяльныя мерапрыемствы — Стаброўскія Дзяды і дзень памяці паўстанцаў, яшчэ валанцёры прыдумалі гульню “Канфедэратка”: віктарына, дзе можна выйграць сапраўдную шапку паўстанца (галаўны ўбор рэканструявала майстар Юлія Ліцвінава, якая таксама была ў зале). Карацей, у Плябані пашпартызацыя могілак перарасла ў шэраг культурна-асветніцкіх івэнтаў, якія адбываюцца сістэматычна. Вольга расказала, што Плябань паступова ператвараецца ў дачны пасёлак. Актывіста стараюцца знаёміцца з новымі мясцовымі і падцягваць іх да працы.
“Кірмаш праектаў” для Міншчыны: “На “панскіх” могілках плябані”
Але гэта яшчэ не ўсё. У 2013 годзе каманда праекта прадставіла вельмі каштоўную кнігу “На “панскіх” могілках плябані”. Наўрад ці выданне мае беларускія аналагі: плябанскія могілкі тут апісаныя ўздоўж і ўпоперак. Мапа некропаля, каталог 600 надмагілляў, фота, пералічэнне і тлумачэнне могілкавых сімвалаў, прыклады эпітафій — якія яшчэ могілкі апісаныя аж так падрабязна. Тады выйшла 300 асобнікаў, цяпер Вольга шукае сродкі на другі наклад.
Праект “Вясковая школка” прадстаўлялі Зміцер Мурашка і Тамара Каляда. Мястэчка Дубіна Баярская мае “прэстыжны” статус аграгарадка, аднак за апошнія пяць гадоў там закрылі школу, дзіцячы садок і бібліятэку. Школьнікаў возяць у суседнюю вёску альбо ў Валожын. А што рабіць у Дубіне Баярскай? Каб мясцовыя жыхары і асабліва моладзь не шукалі культурны адпачынак далёка, аўтары праекта прапануюць стварыць асяродак навучання традыцыйным рамёствам. Балазе, сур’ёзная база ўжо ёсць. Тамара Каляда апякуецца музеем “Хата настаўніка”. Цікава, што ў 1940-я ў вёсцы ўжо быў энтузіяст: школьны настаўнік Васіль Рагель, якія акрамя арыфметыкі і чыстапісання вучыў дзяцей рамёствам. Ягоную справу хочуць годна працягваць сёння.
“Кірмаш праектаў” для Міншчыны: “Вясковая школка”
— Мы зрабілі там шэраг экспедыцый і выявілі некалькі гаспадынь, якія валодаюць традыцыйнымі рамёствамі, — расказаў Зміцер Мурашка.
У праекта вялікія планы, таму і рэсурсаў тут трэба нямала: сродкі на правядзенне гурткоў, ганарары майстрам. А яшчэ ў вёсцы хочуць аднавіць традыцыю мясцовага фэсту, а гэта, лічы, зноў адны выдаткі.
— Класная ідэя! Яе можна падтрымаць, развіваючы мясцовае прадпрымальніцтва, — кажа Юнэля Сальнікава і зноў раіць актывістам паглядзець на свой праект як на бізнес, хай сабе з моцным культурніцкім складнікам.
Кіраўніца этнаклуба “Кола”, які існуе ў Маладзечне 2 гады, Вольга Трубач завяршала першую частку прэзентацый ідэй для Мінскай вобласці праектам “Жнівеньскія пратанцоўкі на Вілейшчыне”.
“Кірмаш праектаў” для Міншчыны: “Жнівеньскія пратанцоўкі”
— Пераводзім традыцыйную культуру ў фармат моладзевай тусоўкі, — абазначыла пазіцыі Вольга.
Яе ідэя — чатыры дні танцавальнага летніка на сядзібе ў вёсцы Любкі для тых, хто ўжо танцуе альбо хоча навучыцца танцаваць факстрот, польку, вальс і танга. Вольга шукае валанцёраў і сродкі на ганарары і пакрыццё транспартных выдаткаў.
Варта сказаць, што аматары этнаграфіі — самыя настойлівыя. Такога кшталту праекты — традыцыйныя танцы ў фармаце social dance — ужо не раз былі на Кірмашах праектаў у межах дзейнасці кампаніі “Будзьма беларусамі!”.
Хрысціна Марчук
Фота — Аляксандр Кісялёў