Пагаварылі і забыліся? Гэта не пра нас! Пасля першай, тэарэтычнай, дзеі творчага інтэрактыўнага даследавання культуры адпачынку ў Віцебску гараджане прэзентавалі свае ідэі і прапановы па паляпшэнні гэтай сферы. 22 траўня ў Віцебску прайшоў “Кірмаш праектаў”.
Уладзімер Булаўскі, нязменны мадэратар, каардынатар кампаніі “Будзьма беларусамі!” па Віцебскім рэгіёне, падвёў некаторыя вынікі даследавання – акрэсліў, якія першапачатковыя мэты былі дасягнутыя і што пакуль не атрымалася: “Мы хацелі прааналізаваць сферу адпачынку для розных узроставых груп гараджан і вылучылі 5 такіх груп: маці з дзецьмі да 5 гадоў, студэнцкая моладзь (17-23 гады), моладзь 24-30 гг., людзі сярэдняга ўзросту і пенсіянеры.
Ад гэтых груп мы хацелі атрымаць бачанне ўласных патрэб і канкрэтных прапановаў па спосабах адпачыць. Часткова нам гэта ўдалося. Найбольш актыўнай прадказальна аказалася моладзь – як студэнцкая, так і ўжо сямейная. Самымі складанымі ў прапановах новых спосабаў, месцаў і фарматаў падзей для якаснага адпачынку групамі сталі школьнікі і пенсіянеры. Што тлумачыцца проста: яны самі ведаюць, чым сябе заняць”.
Напярэдадні “Кірмашу”, арганізатары наведалі адну з віцебскіх школ і правялі ўрок з навучэнцамі 8 класа. Сярод найбольш папулярных спосабаў бавіць вольны час школьнікі назвалі спорт (ровар, ролікі), сустрэчы з сябрамі, шпацыры па горадзе і адпачынак на прыродзе. Відавочна, ніхто не адмяняў праблемы сацыяльных сетак і відэагульняў, якім часта ўсё ж аддаецца перавага перад актыўным і культурніцкім адпачынкам. Цікава, што дзяўчаты адзначылі патрэбу ў месцах для камфортнага шопінгу – такія вось карані жаночага рэлаксу. Галоўнай патрэбай у магчымасцях адпачыць школьнікаў сталі аквапарк (абсалютны лідар апытання), лунапарк і іншыя віды атракцыёнаў.
Сустрэча з прадстаўнікамі (а калі быць дакладнымі, прадстаўніцамі) клуба “Залаты ўзрост”, які дзейнічае пры віцебскім абя’днанні Чырвонага крыжа, паказала, што на пенсіі ў чалавека з’яўляецца сапраўдная прага да жыцця, мажліва, праз імкненне ўзяць ад яго тое, на што ніколі не хапала часу. Энергіі ўдзельніц клуба можна пазайздросціць: яны актыўна вандруюць па Беларусі, (у найбліжэйшых планах – і паўночныя сталіцы Еўропы), займаюцца творчасцю, запаланяючы многія гарадскія выставы, першыя ходзяць на тэатральныя прэм’еры і канцэрты “сапраўднай” музыкі. У патрэбах для свайго адпачынку яны шчыра прызнаюцца: “Нам патрэбныя грошы!”
Аднак застаюцца пытанні, як вольны час для многіх іншых людзей сталага ўзросту можа стаць выпрабаваннем адзінотай, “разганяць хмары” якой яны намагаюцца ў чэргах у паліклініках і на пошце. Як выхоўваць у людзях культуру адпачынку дзеля светлай старасці, застанецца тэмай для асобнай дыскусіі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”.
На самім “Кірмашы праектаў” галоўнай мэтай стала прэзентацыя творчых ідэй, якія могуць не толькі зрабіць важкі ўнёсак у сферу адпачынку Віцебска, але і аб’яднаць людзей у новыя супольнасці на глебе агульных каштоўнасцяў. Амаль кожны з праектаў, прадстаўленых на Кірмашы, хоць і закранаў патрэбы адносна вузкіх супольнасцяў, мае патэнцыял да таго, каб вырасці ў агульнагарадскую з’яву, якая пацвердзіць імідж Віцебска як творчага і яскравага горада.
Новы фармат ужо вядомага і любімага віцяблянам праекта “Забаўлянкі для Янкі” прапанавала Ганна Краўчанка. “Калі Вы не ідзяце на свята, свята ідзе да вас!” – такі слоган можа акрэсліць сутнасць новага фармату OPEN-AIR. Новыя “Забаўлянкі для Янкі” – гэта шэраг музычна-забаўляльных мерапрыемстваў на дваровых канцэртных пляцоўках Віцебска. Актуальнасць праекта абумоўленая перш за ўсё нязручнасцю наведвання сем’ямі з малымі дзецьмі мерапрыемстваў, што адбываюцца далёка ад дома.
З залы прагучала заўвага, што такіх пляцовак у дварах не так і шмат, гледачам папросту будзе няма дзе прысесці. Падыскутаваўшы пра рызыку апынуцца на зламаных і закінутых пляцоўках у спальных раёнах горада, удзельнікі сышліся на тым, што цікавы праект якраз і можа стаць каталізатарам паляпшэння і гарадской інфраструктуры. “Хай яны пачнуць са складных зэдлікаў. Калі праект стане папулярным і паспяховым, тыя ж ЖЭСы падцягнуцца, і пляцоўкі пачнуць з’яўляцца”, – адзначыў Раман Воранаў.
Адразу два праекты па развіцці сферы актыўнага спартыўнага адпачынку прапанавалі Сяргей Ігнатовіч (“Скейт-парк”) і Алесь Мінін (“Адкрыты турнір Хмяля”). “Скейт-парк – гэта вялікі сацыяльны праект. Па-першае, такім чынам мы хацелі б разбурыць стэрэатыпы пра суполкі скейтараў і раварыстаў як пра наркаманаў нейкіх. Паказаць, што гэтыя людзі за здаровы лад жыцця. А таксама на будучыню прадумваем магчымасць арганізацыі гурткоў для дзяцей, у якіх нашыя хлопцы маглі б займацца з усімі ахвочымі”, – сказаў Сяргей.
Алесь расказаў пра віцебскі “Адкрыты турнір Хмяля”, які паспяхова ладзіцца ўжо тры гады, і пра далейшыя планы па развіцці і аб’яднанні нефармальнага аматарскага футбольнага асяроддзя вакол гэтага турніру. Сяргею ж спадар Мінін прапанаваў аб’яднацца для стварэння шматфункцыянальнай спартыўнай пляцоўкі на набярэжнай ракі Віцьба “замест гэтых піўнушак бясконцых”. Так на аснове двух прэзентаваных праектаў на нашых вачах нарадзіўся новы!
Альтэрнатыву шматпакутным “піўнушкам” прапанавала Іна Кулік. Яе праект “Бульбарыўм” аб’ядноўвае музей і кавярню, якія, як бачна з назвы, частавалі б усіх гасцей стравамі з бульбы і расказвалі пра іх. “Такім чынам я хачу ператварыць часам крыўдную мянушку “Бульбашы” ў якасны і цікавы брэнд”, – сказала Іна. Для рэалізацыі сваёй ідэі аўтар шукае кансультацыйную і юрыдычную дапамогу па бізнес-планаванні.
Афлайнавую дыскусійную пляцоўку для людзей сярэдняга ўзросту прапанавала Алена Катовіч. “Нястомныя брытанскія вучоныя кажуць, што больш за 80% людзей пасля 32 гадоў пакутуюць, бо не маюць пляцовак і магчымасці выказаць сваю думку! А тэмаў для развагаў і размоваў, згадзіцеся, цяпер аж зашмат”, – падзялілася сваёй ідэяй Алена. Гледачы прапанавалі Алене далучыцца да наяўных такіх праектаў з тым, каб набрацца досведу, мажліва, з іншымі па ўзросце групамі, а таксама запэўнілі, што фармат можа быць цікавым розным пляцоўкам, у тым ліку антыкавярні “7 комнат”, дзе і адбываўся “Кірмаш”.
Ідэя клуба, але ўжо для людзей, што адпачынак арганізуюць, прапанавала Іна Якаўлева. Гэтую праблему спадарыня Іна ўздымала яшчэ падчас дыскусіі 20 траўня. Ёсць праблема – ёсць ідэя па вырашэнні гэтай праблемы! На жаль, наведаць Кірмаш для прэзентацыі свайго праекта ў спадарыні Якаўлевай не атрымалася, але зрабіць гэта за яе вызваўся мадэратар Уладзімер Булаўскі. Аналагаў такіх “Клубаў арганізатараў” у Беларусі яшчэ няма. Ёсць спробы ў Мінску, але пакуль не такія паспяховыя, як хацелася б. Клуб будзе найперш камунікацыйнай пляцоўкай для прафесійных арганізатараў (для абмену вопытам і каардынацыі па сферах дзейнасці), а таксама адукацыйнай для тых, хто хацеў бы працаваць у гэтай сферы (школа маладых арганізатараў, лекцыі, семінары ад спецыялістаў у розных сферах дзейнасці).
Уладзімер Булаўскі падрыхтаваў і свой праект “Фестываль актыўнага адпачынку “Свята ветру”. Дакладней нагадаў пра яго, бо ідэю адраджэння “Свята ветру” гараджане ўжо абмяркоўвалі на мінулых Кірмашах. Цяпер жа культурная прастора “Vitebsk4me” заклікае ўсіх зацікаўленых у яго арганізацыі да супрацоўніцтва. “З 2003 па 2007 год фестываль жыў, па сутнасці, нелегальна, за што і быў згорнуты. Але збіраў сотні людзей. Пры гэтым арганізатары не рабілі ніякіх грашовых укладанняў”, – натхнёна расказаў Уладзімер.
Даведацца пра ўсе-ўсе падзеі, якія ладзяць усе без выключэння пляцоўкі, віцябляне змогуць з Арт-афішы, праект якой прапанавалі Кірыл Сачанкоў і Таццяна Аліпчыкава. Галоўную мэту аўтары акрэслілі так: “Мы хочам анансаваць усё, што адбываецца ў горадзе. Ад цырымоніі ўзнагароджання найлепшага пад’езда да канцэрта “Металікі” ў Амфітэатры. Афіша будзе на трох мовах: рускай, беларускай і ангельскай”. Арт-афіша мусіла быць сайтам, але па парадзе спадарыні з залы Кірыл і Таццяна задумаліся над перафарматаваннем афішы ў мабільнае дастасаванне. А спадарыня з залы аказалася спецыялістам па распрацоўцы гэтых дастасаванняў і адразу ж прапанавала дапамогу.
“Часта ў нас пытаюцца: “Навошта вы гэта робіце?” – падвёў вынікі Уладзімер Булаўскі. – Кірмаш праектаў – цудоўная магчымасць прапанаваць аўдыторыі сваю ідэю, абкатаць яе на публіцы, пачуць важныя парады і канструктыўную крытыку. Больш за тое, аўтары ідэй маюць мажлівасць такім чынам “замацаваць” праект ці ідэю за сваім імем!”
Каманда кампаніі “Будзьма беларусамі!” спадзяецца, што ўсе аўтары праектаў атрымалі падчас Кірмашу карысныя знаёмствы і парады, натхненне і дадатковую ўпэўненасць у рэальнасці ўвасаблення сваіх ідэй! Больш дэталёва ацаніць праекты, а таксама даць парады і паўдзельнічаць у іх удасканаленні можна тут. Далучайцеся да абмеркавання!
“Кірмаш праектаў” ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” – камунікацыйная пляцоўка для людзей, якія займаюцца грамадсказначнай дзейнасцю на скрыжаванні культуры, гісторыі і краязнаўства, сацыяльнай сферы, сучасных тэхналогій і многіх іншых дысцыплін. Калі вы маеце жаданне актывізаваць ініцыятыўных людзей у прапанаваным намі фармаце ў сваім градзе, пішыце на [email protected]. Спрычынімся да паляпшэння гарадскога жыцця разам!
Пра віцебскі “Кірмаш праектаў” на TUT.BY
Тэкст – Лізавета Неўмяржыцкая
Фота – Дзмітры Лось